Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Святы Пасад выступае супраць дыскрымінацыі хворых на праказу
Рымская курыя
29.01.2016 16:11

Cусветны дзень дапамогі хворым на праказу з’яўляецца для ўсіх магчымасцю працягнуць барацьбу супраць гэтай жудаснай інфекцыі, а таксама перамагчы маргіналізацыю, з якой сустракаюцца хворыя. Сёння праказа можа быць пераможана, а вылечаныя з яе маюць магчымасць поўнасцю вярнуцца да жыцця. Аб гэтым гаворыцца ў адмысловым пасланні Папскай рады пастырства работнікаў сферы аховы здароўя, падпісаным яе старшынёй.

Выключэнне хворых на праказу з грамадскага жыцця зусім неабгрунтаванае, яно правакуе ў іх яшчэ большыя пакуты. Таму ватыканская дыкастэрыя заклікае дапамагчы ахвярам неабгрунтаванага сацыяльнага стыгматызавання жыць годным чынам.

Гэта ўяўляе сабой канкрэтны знак салідарнасці, сапраўднага братэрства і міласэрнасці, да чаго заклікае Юбілейны Год.

Арцыбіскуп Зыгмунт Зімоўскі спасылаецца на пасланне Святога Айца на Сусветны дзень хворага, які будзе адзначацца ў Каталіцкім Касцёле 11 лютага.

Папа Францішак заклікаў браць прыклад з Марыі, якая мае «пільныя і добрыя вочы», «матчынае і поўнае міласэрнасці сэрца». У Яе клопаце, паводле слоў Папы, адлюстроўваецца пяшчота Бога, тая ж, якую нясуць хворым асобы, што клапоцяцца пра іх.

Каб звярнуць большую ўвагу на выклікі, звязаныя з праказай, Папская рада пастырства работнікаў сферы аховы здароўя правядзе 10-11 чэрвеня ў Ватыкане спецыяльны семінар, прысвечаны гэтай праблематыцы.

12 чэрвеня на плошчы св. Пятра Пантыфік узначаліць Эўхарыстыю з нагоды Юбілею хворых.

Старшыня Папскай рады падзякаваў людзям, якія робяць усё магчымае па лячэнні і доглядзе за тымі, хто быў выкінуты на ўзбочыну грамадства па прычыне праказы, якая ў многіх краінах яшчэ мае эндэмічны характар.

Cусветны дзень дапамогі хворым на праказу адзначаецца штогод у апошнюю нядзелю першага месяца года; сёлета гэта 31 студзеня.

Паводле беларускай рэдакцыі Ватыканскага радыё (MV)

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.