Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Папа Францішак: прадузятасць напаўняе нас непрыязнасцю да іншых
Слова Папы
27.03.2017 09:20

«Калі мы ацэньваем людзей і рэчы, зыходзячы з нашай карысці, нашага задавальнення, нашага прэстыжу, тады ў адносінах і ў сітуацыях паступаем не па праўдзе», — адзначыў папа Францішак падчас малітвы «Анёл Панскі» на плошчы Святога Пятра ў ІV нядзелю Вялікага посту (Laetare) 26 сакавіка.

Дарагія браты і сёстры, дзень добры!

У цэнтры Евангелля гэтай чацвёртай нядзелі Вялікага посту знаходзяцца Езус і чалавек, сляпы ад нараджэння (гл. Ян 9, 1–41). Хрыстус дорыць яму зрок і робіць гэты цуд з дапамогаю своеасаблівага сімвалічнага рытуалу: спачатку Ён змешвае зямлю са слінаю і мажа гэтым вочы сляпога, пасля чаго наказвае яму пайсці абмыцца ў купальні Сілаам. Гэты чалавек пайшоў, абмыўся і стаў бачыць. Ён быў сляпым ад нараджэння. Гэтым цудам Езус аб’яўляе сябе і паказвае сябе нам як святло свету; а сляпы ад нараджэння ўяўляе сабою кожнага з нас: створаныя для таго, каб пазнаць Бога, але з-за грахоў стаўшы, нібы сляпыя, мы маем патрэбу ў новым святле; усім нам патрэбна новае святло — святло веры, якое нам падараваў Езус. Сапраўды, гэты евангельскі сляпы, атрымаўшы зрок, адкрыўся для таямніцы Хрыста. Езус пытаецца ў яго: «Ці верыш ты ў Сына Чалавечага?» (пар. Ян 9, 35). «А хто Ён, Пане, каб я паверыў у Яго?» — адказвае аздароўлены сляпы (пар. Ян 9, 36). «Ты ўжо бачыў Яго: гэта Той, хто гаворыць з табою» (пар. Ян 9, 37). «Веру, Пане!» І падае ніцма перад Езусам.

Гэтая сцэна запрашае нас задумацца над нашай верай; над нашай верай у Хрыста, Сына Божага, і ў той жа час яна звязана з хростам, які з’яўляецца першым сакрамэнтам веры: сакрамэнтам, які «выводзіць нас на святло» праз адраджэнне з вады і Святога Духа; як гэта адбылося таксама і са сляпым ад нараджэння, у якога адкрыліся вочы пасля таго, як ён абмыўся ў купальні Сілаам. Аздароўлены сляпы ад нараджэння прадстаўляе нас, калі мы не заўважаем, што Хрыстус — гэта святло, «святло свету», калі мы глядзім у іншы бок, калі аддаем перавагу нейкаму іншаму маленькаму святлу, калі блукаем у цемры. Тое, што ў гэтага сляпога няма імені, дапамагае нам у яго гісторыі ўбачыць саміх сябе з нашым абліччам і з нашым імем. Таксама і мы былі «асветленыя» Хрыстом у хросце, а значыць мы пакліканыя паводзіць сябе як дзеці святла. А паводзіць сябе як дзеці святла патрабуе радыкальнай перамены мыслення, здольнасці меркаваць пра людзей і пра рэчы паводле іншай сістэмы каштоўнасцяў, якая паходзіць ад Бога. Сакрамэнт хросту, сапраўды, патрабуе выбару жыць як дзеці святла і хадзіць у святле. Калі цяпер у вас запытацца: «Ці верыце вы ў тое, што Езус — гэта Сын Божы? Ці верыце, што Ён можа перамяніць сэрца? Ці верыце, што Ён можа даць убачыць рэчаіснасць так, як бачыць яе Ён, а не так, як яе бачым мы? Ці верыце вы ў тое, што Ён — святло, што Ён дае нам сапраўднае святло?» — што б вы адказалі? Няхай кожны дасць адказ у сваім сэрцы.

Што азначае мець сапраўднае святло, хадзіць у святле? Перадусім гэта азначае пакінуць кожнае фальшывае святло: халоднае і зманлівае святло прадузятасці супраць іншых, таму што прадузятасць скажае праўду і напаўняе нас непрыязнасцю супраць тых, каго мы неміласэрна судзім і бязлітасна асуджаем. Гэта хлеб кожны дзень! Калі хтосьці абгаворвае іншых, ён не ходзіць у святле, а ходзіць у цемры. Яшчэ адно фальшывае святло, спакуслівае і двухсэнсоўнае, гэта святло асабістага інтарэсу: калі мы ацэньваем людзей і рэчы, зыходзячы з нашай карысці, нашага задавальнення, нашага прэстыжу, тады ў адносінах і ў сітуацыях паступаем не па праўдзе. Калі мы ідзем шляхам пошуку толькі ўласнага інтарэсу, мы ходзім у цемры.

Няхай Найсвяцейшая Панна, якая першая прыняла Езуса, святло свету, выпрасіць для нас ласку падчас гэтага Вялікага посту нанава прыняць святло веры, зноў адкрыць бясцэнны дар хросту, які ўсе мы атрымалі. Няхай гэтае новае святло пераменіць нас у нашых адносінах і паводзінах, каб і мы таксама, пачынаючы з нашай беднасці, з нашай мізэрнасці, былі носьбітамі праменьчыка Хрыстовага святла.


Пасля малітвы «Анёл Панскі»:

Дарагія браты і сёстры,

учора ў Альмерыі ў Іспаніі былі абвешчаныя благаслаўлёнымі Хасэ Альварэс-Бэнавідэс-і-дэ-ла-Торрэ і сто сорак яго паплечнікаў, мучанікаў. Гэтыя святары, манахі і свецкія вернікі сталі гераічнымі сведкамі Хрыста і Яго Евангелля міру і братняга паяднання. Іх прыклад і заступніцтва няхай падтрымліваюць Касцёл у яго намаганнях дзеля пабудовы цывілізацыі любові.

Я вітаю ўсіх вас, якія паходзіце з Рыма, з Італіі і з розных краінаў, асабліва пілігрымаў з Кордавы з Іспаніі, моладзь з каледжа Сэн-Жан-дэ-Пассі з Парыжа, вернікаў з Ларэта, вернікаў з Куарту-Сант’Элена, Рэндэ, Маёры, Поджамарыно і падлеткаў з дэканату «Рамано-Вітторыя» з Мілана. Дарэчы, Мілан: я жадаю падзякаваць кардыналу арцыбіскупу і ўсім жыхарам Мілана за цёплы прыём учора. Я сапраўды адчуваў сябе, як дома, прычым з усімі: веруючымі і няверуючымі. Я вельмі вам удзячны, дарагія міланцы, і штосьці вам скажу: я пераканаўся, што праўду кажуць: «У Мілане сустракаюць з сэрцам на далоні».

Жадаю ўсім добрай нядзелі! Калі ласка, не забывайцеся маліцца за мяне. Смачнага абеду і да пабачэння!

Дк. Мікола Гракаў

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.