Папа Францішак узначаліў пакутную працэсію ў Папяльцовую сераду | Друк |
Слова Папы
02.03.2017 08:52

У Папяльцовую сераду 1 сакавіка Святы Айцец узначаліў традыцыйную працэсію ў форме рымскіх «Стацый».

Пра гэта паведамляе беларуская рэдакцыя Ватыканскага радыё.

Набажэнства распачалося малітвай у касцёле св. Анзэльма на Авенцінскім пагорку, пасля чаго працэсія накіравалася да базылікі св. Сабіны, дзе адбылася Эўхарыстыя з абрадам пасыпання галоў попелам.

У сваёй гаміліі папа Францішак заклікаў вернікаў яшчэ раз скіраваць позірк на міласэрнасць Бога. «Вялікі пост — гэта шлях, які вядзе да перамогі міласэрнасці над усім, што спрабуе раструшчыць нас ці звесці да чагосьці не адпаведнага годнасці Божых дзяцей», — падкрэсліў Пантыфік.

Папа адзначыў, што абрад пасыпання галоваў попелам нагадавае, з чаго быў створаны чалавек — з попелу, які сваім подыхам Бог ажывіў і жадае працягваць рабіць гэта. «Подых Божага жыцця вызваляе нас ад таго ўдушша, якое гасіць нашу веру, ахалоджвае нашу любоў і забівае нашу надзею», — сказаў Святы Айцец.

Папа Францішак заклікаў выкарыстаць Вялікі пост, каб сказаць «не» абыякавасці; спробам баналізацыі жыцця; пустым і бессэнсоўным словам; грубай і хуткай крытыцы; спрошчанаму аналізу, няздольнаму ахапіць складанасці чалавечых праблем, асабліва праблем тых, хто найбольш пакутуе; малітве, мэта якой у супакоі сумлення; міласціне, якая пакідае задавальненне сабой; посту, які дапамагае адчуваць сябе ў парадку; такім відам духоўнасці, якія зводзяць веру да ўзроўню культуры «гета» і маргіналізацыі.

Вялікі пост — гэта час адкрыцця сэрца на подых Бога, Адзінага, здольнага перамяніць наш пыл у чалавечнасць; гэта час для пазбаўлення ад усяго, што нас ізалюе, закрывае і паралізуе. Вялікі пост — гэта час спачування, сказаў у сваёй гаміліі папа Францішак.

(IL)


 
© 2003-2024 Catholic.by