Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Папа падчас хросту ў Ватыкане: плач — першае казанне Езуса
Слова Папы
09.01.2017 10:51

У свята Хросту Пана Пантыфік ахрысціў 28 дзяцей супрацоўнікаў ватыканскіх структур: 13 дзяўчынак і 15 хлопчыкаў. Урачыстая цырымонія, згодна са старажытным звычаем, прайшла падчас св. Імшы ў Сікстынскай капэле Ватыкана.

Каб перадаць дар веры ўласным дзецям, як заўважыў у кароткай гаміліі Святы Айцец, трэба жыць ёй і сведчыць аб ёй — недастаткова толькі вызнаваць яе падчас нядзельнай Імшы.

Паводле слоў Пантыфіка, верыць — значыць давяраць Богу і менавіта гэтаму бацькі павінны навучыць сваіх дзяцей уласным прыкладам. Святы Айцец таксама нагадаў, што хрышчэнне ў раннім хрысціянстве называлі «асвячэннем», таму што «вера асвячае сэрца, дазваляе бачыць рэчы пад іншым святлом».

Папа з гумарам назваў «канцэртам» плач дзяцей падчас літургіі. Паводле яго слоў, гэта не парушае сакральнасці абраду. «Мне падабаецца думаць, што першай пропаведзю Езуса ў стаенцы быў менавіта плач», — сказаў ён. Як і ў папярэднія гады папа Францішак дадаў, што калі хтосьці з дзяцей заплача па прычыне голаду, маці павінна пакарміць яго, не бянтэжачыся, «як Маці Божая карміла Езуса».

Напрыканцы сваёй гаміліі Святы Айцец заклікаў бацькоў, каб іх выхаванне дзяцей у веры станавілася сведчаннем для ўсіх, у тым ліку святароў і біскупаў.

Беларуская рэдакцыя Ватыканскага радыё (IL)

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.