Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Папа заклікаў біскупаў абараняць дзяцей ад новых Ірадаў
Слова Папы
04.01.2017 10:24

У дзень памяці мучаніцтва нявінных бэтлеемскіх немаўлят, 28 снежня, папа Францішак накіраваў спецыяльнае пасланне біскупам усяго свету. Тэкст дакумента быў апублікаваны 2 студзеня Ватыканскай Залай Друку.

У сваім пасланні Святы Айцец заклікае каталіцкіх іерархаў пачуць плач многіх дзяцей, якія сталі ахвярамі насілля.
 
Папа Францішак заклікае біскупаў стаць на абарону дзяцей «ад новых сучасных Ірадаў», якія паглынаюць іх нявіннасць. Нявіннасць самых слабых і безабаронных ламаецца «пад цяжарам нелегальнай, рабскай працы», пад цяжарам прастытуцыі і эксплуатацыі, кровапралітных войнаў і вымушанай эміграцыі. Тысячы дзяцей трапляюць у рукі злачынцаў, мафіі, гандляроў смерцю.

Лічбы, прыведзеныя ў пасланні, даюць уяўленне пра гэту драматычную рэальнасць: 75 мільёнаў дзяцей былі вымушаны спыніць адукацыю, у 2015 годзе 68 працэнтаў ахвяр сексуальнага гандлю — гэта непаўналетнія. Згодна з ацэнкамі Дзіцячага фонду ААН, у нашы дні прычынай смерці амаль паловы дзяцей, маладзейшых за 5 гадоў, быў голад; згодна з прагнозамі ЮНІСЕФ, паміж 2016 і 2030 гадамі ва ўзросце да 5 гадоў загінуць 69 мільёнаў дзяцей.

«Пачуем плач» гэтых дзяцей, заклікае папа Францішак. Аднак Касцёл аплаквае не толькі іх боль: ён ведае пра грэх некаторых сваіх сыноў і пра пакуты «непаўналетніх, якія сталі ахвярамі сексуальнага злоўжывання з боку святароў». Мы «спачуваем і просім прабачэння», з горыччу піша Святы Айцец.

Гаворка ідзе не толькі пра «грэх, за які нам сорамна», але таксама за «грэх невыканання належнай дапамогі», «грэх утойвання і адмаўлення» таго, што адбылося. Папа Францішак пераканаўча заклікае біскупаў з новай сілай выконваць ускладзеную на іх місію, каб «гэтым зверствам ужо не было месца сярод нас».

Неабходна клапаціцца пра жыццё, трэба «зноў стаць адважнымі пастырамі» і асэнсаваць, у якіх умовах жывуць многія сённяшнія дзеці. Біскупы, паводле слоў Пантыфіка, абавязаны працаваць так, каб годнасць Божых дзяцей не толькі паважалася, але перш за ўсё абаранялася: «Не дазволім выкрасці ў іх радасць».

Паводле sib-catholic.ru (IL)

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.