Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Папа Францішак выказаў спачуванні пацярпелым ад тэракту ў Берліне
Слова Папы
20.12.2016 17:21

У сувязі з тэрактам у Берліне, здзейсненым увечары 19 снежня, Папа Рымскі Францішак выказаў словы спачування праз кардынала Дзяржсакратара П’етра Параліна.

Папа Францішак даверыў Божай міласэрнасці ахвяр тэракту, запэўніў у сваёй лучнасці з сем’ямі загінулых і пажадаў хуткага выздараўлення параненым. Пантыфік таксама выказаў падзяку ўсім, хто прычыніўся да выратавання людзей.

«Папа Францішак далучаецца да ўсіх людзей добрай волі, якія прыкладаюць намаганні, каб забойчае вар’яцтва тэрарызму больш не мела месца ў нашым свеце», — гаворыцца ў тэлеграме, скіраванай на імя арцыбіскупа Берліна Хайнера Коха.

Трагедыя здарылася вечарам 19 снежня ў цэнтры нямецкай сталіцы, каля Мемарыяльнай царквы кайзера Вільгельма. Грузавік урэзаўся ў групу людзей на святочным кірмашы, прымеркаваным да Божага Нараджэння. Паводле апошніх дадзеных, загінулі 12 чалавек, амаль 50 атрымалі пашкоджанні, некаторыя — сур’ёзныя траўмы.

Беларуская рэдакцыя Ватыканскага радыё (IL)

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.