Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Папа Францішак: сляпыя, кульгавыя, пракажоныя — гэта вобраз няўмольнага лёсу без Бога (+відэа)
Слова Папы
12.12.2016 11:03

На вобраз безвыходнасці і няўмольнага лёсу без Бога, прадстаўлены ў кнізе прарока Ісаі, указаў Папа Францішак падчас малітвы «Анёл Панскі» на плошчы Святога Пятра 11 снежня. Пантыфік указаў на кантэкст хваробы, каб падкрэсліць «смак сапраўднай радасці», якую нясе аздараўленне, здзейсненае Богам.

«Сёння мы цэлебруем Трэцюю нядзелю Адвэнту, характар якой вызначае заклік святога апостала Паўла: «Радуйцеся заўсёды ў Пану. Яшчэ раз кажу: радуйцеся! Пан блізка» (Флп 4, 4–5). Гэта не павярхоўная, выключна эмацыйная радасць, да якой нас заклікае апостал, але таксама і не ўласцівая гэтаму свету спажывальніцкая задаволенасць. Не, гэта не тое; тут маецца на ўвазе больш натуральная радасць, смак якой мы пакліканыя зноў для сябе адкрыць. Смак сапраўднай радасці. Гэта радасць, якая да глыбіні закранае нашую істоту, калі мы чакаем Езуса, які ўжо прыйшоў, каб прынесці збаўленне свету, чакаем абяцанага Месію, народжанага ў Бэтлееме з Дзевы Марыі. Літургія слова паказвае нам адпаведны кантэкст, які дапамагае спасцігнуць гэтую радасць і жыць ёю. Ісая гаворыць пра пустыню, пра сухазем’е, пра стэп (пар. Іс 35, 1); гэты прарок бачыць перад сабою слабыя рукі, дрыжачыя калені, разгубленыя сэрцы, сляпых, глухіх і нямых (пар. Іс 35, 3–6). Гэта вобраз безвыходнасці, няўмольнага лёсу без Бога.


Але нарэшце гучыць вестка аб збаўленні: «Будзьце адважнымі! Не бойцеся! — кажа прарок. — Вось Бог ваш, […] Ён сам прыходзіць і збавіць вас» (пар. Іс 35, 4). І адразу ж усё змяняецца: пустыня квітнее, суцяшэнне і радасць напаўняюць сэрцы (пар. Іс 35, 5–6). Гэтыя знакі, прадказаныя Ісаяй як сведчанне таго, што збаўленне ўжо прыйшло, здзяйсняюцца ў Езусе. Ён сам пацвярджае гэта ў сваім адказе пасланцам, скіраваным ад Яна Хрысціцеля. Што ж Езус кажа гэтым пасланцам? «Сляпыя зноў бачаць, кульгавыя ходзяць, пракажоныя ачышчаюцца, глухія чуюць, памерлыя ўваскрасаюць» (Мц 11, 5). Гэта не проста словы, гэта факты, якія паказваюць, як прынесенае Езусам збаўленне ахоплівае ўсю істоту чалавека і яе адраджае. Бог увайшоў у гісторыю, каб вызваліць нас ад няволі граху; паставіў свой шацёр сярод нас, каб падзяліць з намі нашае існаванне, каб вылечыць нашыя немачы, перавязаць нашыя раны і даць нам новае жыццё. Радасць становіцца плёнам гэтага збаўчага дзеяння і Божай любові.

Мы пакліканыя да таго, каб дазволіць пачуццю ўзнёслай радасці захапіць нас. Гэтай весялосці, гэтай радасці… Калі хрысціянін не радасны, яму чагосьці не хапае, або ён наогул не хрысціянін! Радасць у сэрцы, радасць унутры, якая вядзе нас наперад і дае адвагу. Пан прыходзіць, Ён прыходзіць у нашае жыццё як Вызваліцель, Ён прыходзіць, каб вызваліць нас ад усялякай няволі: унутранай і знешняй. Менавіта Ён паказвае нам шлях вернасці, цярплівасці і трываласці, таму што, калі Ён вернецца, нашая радасць будзе поўнай. Ужо блізка Каляды; прыкметы набліжэння гэтага свята відаць на нашых вуліцах і ў нашых дамах: нават тут, на плошчы, ужо стаіць батлейка з елкаю побач. Гэтыя знешнія знакі запрашаюць нас прыняць Пана, які заўжды прыходзіць і стукаецца ў нашыя дзверы, стукаецца ў нашыя сэрцы, каб наблізіцца да нас; яны заклікаюць нас распазнаць Ягоныя крокі ў кроках братоў, якія праходзяць каля нас, асабліва найбольш слабых і патрабуючых.

Сёння мы запрошаныя радавацца надыходзячаму прыйсцю нашага Адкупіцеля; мы пакліканыя таксама падзяліцца гэтай радасцю з іншымі, несучы палёгку і надзею бедным, хворым, самотным і нешчаслівым людзям. Панна Марыя, «Слуга Панская», няхай дапаможа нам слухаць голас Бога ў малітве і са спачуваннем служыць Яму ў братах, каб быць гатовымі сустрэць свята Божага Нараджэння, падрыхтаваўшы свае сэрцы да таго, каб прыняць Езуса».

Дк. Мікола Гракаў

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.