Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Пантыфік да святароў: святары павінны быць пасрэднікамі Божай любові, а не сваіх уласных інтарэсаў
Слова Папы
12.12.2016 08:17

Пра спакусы, якія здольныя паставіць пад пагрозу служэнне святароў, Папа Францішак гаварыў 9 снежня на ранішняй святой Імшы ў капліцы Дома св. Марты ў Ватыкане.

Папа перасцярог ад «жорсткасці», якая палягае на патрабаванні, каб вернікі спаўнялі тыя рэчы, якія святар сам не ў стане рабіць. У той жа час Пантыфік асудзіў свецкае стаўленне, якое ператварае духавенства ў функцыянераў. Такія святары падобныя да капрызных дзяцей, якім прапануюць то адну, то другую рэч, а яны пастаянна незадаволены.

«Такі святар падобны да дзіцяці, якому нічога не падабаецца. І ў нашыя дні, — адзначыў Пантыфік, — многія хрысціяне нясуць на сабе знак песімізму і незадаволенасці, не разумеючы вучэння Хрыста. Незадаволеныя святары прыносяць шмат шкоды: яны заўсёды занятыя сваімі планамі, і таму іх сэрцы далёкія ад логікі Езуса, якая павінна спатоліць іх душы.

Логіка Хрыста — гэта заступніцтва. Езус — наш заступнік перад Богам, і мы павінны кіравацца тым жа пакліканнем. Аднак існуе і нешта падобнае, якое называецца пасрэдніцтвам, але пасрэднік толькі “робіць сваю працу і прымае аплату”, “ён заўсёды ў выйгрышы”.

Зусім іншым уяўляе сабе заступнік, які губляе самога сябе, плаціць уласным жыццём, стомленасцю і іншымі турботамі ў імкненні аб’яднаць свой статак і прывесці людзей да Хрыста».

Чаму святар становіцца смехатворным?

Папа Рымскі нагадаў, што менавіта такім «заступнікам» і быў Езус, які дзеля адкуплення ўсіх людзей ахвяраваў сваім жыццём на Галгоце.

«Сапраўдны святар — гэта абаронца, вельмі блізкі да свайго народа, — адзначыў Папа Францішак. — Але калі пастыр становіцца толькі пасрэднікам, чыноўнікам, ён губляе радасць, і тады — у пошуках крупінкі шчасця — ён шукае п’едэсталаў і пасадаў улады. Пра такіх пасрэднікаў Езус кажа, што ім падабаецца выклікаць на людных плошчах захапленне ў людзей. У пошуку высокай пасады яны становяцца на шлях жорсткасці, "даброты свецкага свету з'ядаюць іх". Такія святары, адрываючыся ад свайго народа, забываючы пра чалавечыя пакуты, забываюцца пра тое, што калісьці вынеслі з роднага дому».

«Многія людзі, якія шукалі ў такіх святарах суцяшэння і разумення, былі прагнаны імі вон», — адзначыў Пантыфік.

Але ў выніку цвёрды святар становіцца смехатворным, адзначыў Папа, прыводзячы аповед аднаго старога мансеньёра: аднойчы ў Рыме, у адным фешэнэбельным магазіне клерыкальнага адзення, ён убачыў маладога святара, які перад люстэркам не мог спыніцца, прымяряючы чарговыя рэгаліі. Тады гэты мансеньёр з горкай усмешкай пра сябе адзначыў: «А яшчэ кажуць, што Касцёл не дазваляе ўдзяляць прэзбітэрскага пасвячэння жанчынам».

У завяршэнне гаміліі Папа Францішак параіў пастырам падчас выпрабавання сумлення пытацца ў сябе, кім яны сёння былі: заступнікамі ці чыноўнікамі? Служылі сабе ці іншым? У сапраўднага пастыра шчырая, адкрытая ўсмешка дзіцяці, у пасрэдніка на твары заўсёды напісана незадаволенасць і сумная безвыходнасць. 

Няхай жа светам на нашым шляху стануць сапраўдныя святары-заступнікі, пажадаў Папа, прыводзячы ў прыклад святых Палікарпа, Францішка Ксаверыя і апостала Паўла.

Паводле беларускай і рускай рэдакцый Ватыканскага радыё (IL)

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.