Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Пантыфік: да культурнай рэвалюцыі праз штодзённыя ўчынкі міласэрнасці
Слова Папы
12.10.2016 17:01

«Мы не павінны адпраўляцца на пошук невядома якіх заданняў. Лепш пачаць з самых простых, якія Пан нам указвае ў якасці найбольш тэрміновых», — сказаў Папа Францішак падчас агульнай аўдыенцыі 12 кастрычніка на плошчы св. Пятра ў Ватыкане.

У сваёй катэхезе Пантыфік адзначыў, што «не дастаткова сустрэць Божую міласэрнасць у сваім жыцці»: «трэба, каб кожны, хто яе прымае, таксама станавіўся яе знакам і прыладай для іншых». Міласэрнасць, як дадаў Святы Айцец, не можа праяўляцца толькі ў асаблівых абставінах; яна павінна ахопліваць ўсё штодзённае жыццё вернікаў.

Па словах Папы, «каб станавіцца сведкамі міласэрнасці, не патрэбны вялікія намаганні і звышчалавечыя ўчынкі». Як нагадаў Пантыфік, Езус указаў «вельмі просты шлях, што складаецца з маленькіх жэстаў, якія, аднак, маюць настолькі вялікую каштоўнасць у Ягоных вачах, што паводле іх мы будзем асуджаны».

Спіс учынкаў міласэрнасці, змешчаны на старонках Евангелля паводле Мацвея, Святы Айцец назваў «запаветам Езуса». «Езус кажа, што кожны раз, калі даем есці галоднаму і піць прагнучаму, калі апранаем голага і прымаем падарожнага, калі адведваем хворага і прыходзім да вязня, робім гэта Яму. Касцёл назваў гэтыя жэсты “ўчынкамі міласэрнасці для цела бліжняга”, бо яны дапамагаюць людзям у іх матэрыяльных патрэбах», — звярнуў увагу Папа.

Пантыфік дадаў, што існуюць таксама сем учынкаў міласэрнасці для душы бліжняга: раіць тым, хто сумняецца, вучыць тых, хто не ведае, настаўляць грэшнікаў, суцяшаць засмучаных, зносіць цярпліва знявагу, дараваць ахвотна крыўду, маліцца за жывых і памерлых. Яны, адзначыў Папа, тычацца ўнутраных патрэб чалавека, якія часта выклікаюць яшчэ большыя пакуты.

«На працягу стагоддзяў шматлікія простыя людзі спаўнялі іх на практыцы, даючы такім чынам сапраўднае сведчанне веры. Касцёл, верны свайму Пану , сведчыць асаблівую любоў да самых бедных. Часта нашы бліжнія маюць патрэбу ў нашай дапамозе. Мы не павінны адпраўляцца на пошук невядома якіх заданняў. Лепш пачаць з самых простых, якія Пан нам указвае ў якасці найбольш тэрміновых. У свеце, які, на жаль, пакутуе ад віруса абыякавасці, учынкі міласэрнасці з’яўляюцца лепшым проціяддзем. Яны вучаць нас увазе да элементарных патрэб самых малых з братоў, у якіх прысутнічае Езус», — падкрэсліў Папа Францішак.

Святы Айцец заклікаў вернікаў быць уважлівым да найбольш патрабуючых, бо, абмінаючы іх, можна згубіць магчымасць сустрэчы з самім Богам. Акрамя таго, па словах Пантыфіка, учынкі міласэрнасці абуджаюць здольнасць дзейснага сведчання аб веры.

«Я перакананы, што праз гэтыя простыя штодзённыя жэсты мы можам здзейсніць сапраўдную культурную рэвалюцыю, як гэта было ў мінулым. Калі кожны з нас штодзённа будзе рабіць адзін з іх, у свеце адбудзецца рэвалюцыя! Але трэба, каб іх рабілі ўсе! Кожны з нас! Колькіх святых яшчэ сёння памятаюць не за рэалізаваныя вялікія справы, але дзякуючы любові, якую яны былі здольныя сведчыць. Падумаем пра нядаўна кананізаваную Маці Тэрэзу: мы памятаем яе не дзякуючы шматлікім дамам, якія яна адкрыла ў свеце, але таму, што яна пахілялася над кожным чалавекам, якога сустракала пасярод дарогі, каб вярнуць яму годнасць. Колькі пакінутых дзяцей яна прытуліла ў сваіх абдымках, колькі пракажоных суправадзіла да парогу вечнасці, трымаючы іх за руку! Гэтыя ўчынкі міласэрнасці з’яўляюцца рысамі аблічча Езуса Хрыста, які клапоціцца пра сваіх самых малых братоў, каб прынесці кожнаму пяшчоту і блізкасць Бога», — сказаў Папа.

Пантыфік заклікаў вернікаў прасіць Святога Духа, каб Ён запаліў жаданне жыць паводле такога ладу і штодзённа здзяйсняць прынамсі па адным учынку міласэрнасці.

Паводле беларускай рэдакцыі Ватыканскага радыё

(AG)

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.