Святы Айцец заклікаў журналістаў любіць праўду і жыць паводле яе | Друк |
Слова Папы
22.09.2016 16:12

«Журналісты з’яўляюцца фундаментам вольнага, плюралістычнага грамадства», — на гэта ўказаў Папа Францішак 22 верасня падчас сустрэчы з дэлегацыяй саюза італьянскіх журналістаў. Пантыфік заклікаў прысутных не падпарадкоўвацца неаб’ектыўным палітычным ці эканамічным інтарэсам.

У звароце да прадстаўнікоў італьянскіх СМІ Святы Айцец адзначыў, што журналіст адыгрывае важную ролю і адначасова на яго ўскладзена вялікая адказнасць. Звяртаючыся да ўдзельнікаў сустрэчы, Пантыфік адзначыў, што ў пэўным сэнсе гэта яны пішуць «першы накід гісторыі», інфармуючы пра падзеі і інтэрпрэтуючы іх.

Кажучы пра змены ў сродках масавай інфармацыі, якія вынікаюць з развіцця тэхналогій, Папа Францішак заўважыў: «Як друкаваная прэса, так і тэлебачанне страчваюць сваё значэнне на фоне новых мас-медыя лічбавага свету, асабліва сярод моладзі. Але журналісты, калі яны з’яўляюцца прафесіяналамі, надалей застаюцца важным слупом, фундаментальным элементам для жыццёвасці вольнага і плюралістычнага грамадства».


Пантыфік звярнуў увагу і на тое, што ў мінулым дыктатура — незалежна ад сваёй «арыентацыі ці адцення» — хацела не толькі «завалодаць» СМІ, але і навязаць новыя правілы журналістыкі.

Папа заклікаў працаўнікоў мас-медыя «любіць праўду» і жыць паводле яе, а таксама «шанаваць чалавечую годнасць».

Журналістыка, як падкрэсліў Пантыфік, не можа быць «прыладай знішчэння» людзей або народаў. А крытычны позірк, на думку Святога Айца, у журналістыцы з’яўляецца асноўным і нават абавязковым элементам.

Па словах Пантыфіка, гэтая прафесія павінна засноўвацца на будаванні і дыялогу, таму варта пазбягаць спакусаў «распальвання канфлікту» і стварэння падзелаў.

Паводле deon.pl
(VGr)

 
© 2003-2024 Catholic.by