Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Пантыфік: «Быць дасканалымі — значыць быць міласэрнымі»
Слова Папы
22.09.2016 14:49

«Неміласэрны чалавек з’яўляецца дасканалым? Не! Неміласэрны чалавек з’яўляецца добрым? Не! Дабрыня і дасканаласць укаранёны ў міласэрнасці», — адзначыў Папа Францішак падчас агульнай аўдыенцыі 21 верасня на плошчы св. Пятра ў Ватыкане.

У катэхезе Папа спаслаўся на евангельскія словы, якія сталі дэвізам трываючага Юбілейнага Года: «Будзьце міласэрнымі, як і Айцец ваш міласэрны» (Лк 6, 36). Як заўважыў Пантыфік, гаворка ідзе не пра «эфектыўны слоган», але пра жыццёвую пазіцыю, зразумець сэнс якой дапамагае іншая парада Езуса: «Будзьце дасканалымі, як дасканалы Айцец ваш Нябесны» (Мц 5, 48).

«Быць дасканалымі — значыць быць міласэрнымі. Неміласэрны чалавек з’яўляецца дасканалым? Не! Неміласэрны чалавек з’яўляецца добрым? Не! Дабрыня і дасканаласць укаранёны ў міласэрнасці. Канешне, Бог з’яўляецца дасканалым. Але, калі разглядаем Яго такім чынам, то для людзей становіцца немагчымым імкненне да гэтай абсалютнай дасканаласці. Аднак, калі Ён стаіць перад нашымі вачыма, як міласэрны, мы можам лепш зразумець, у чым заключаецца Яго дасканаласць, і імкнуцца быць як Ён: поўнымі любові, спачування, міласэрнасці», — сказаў Папа.

Пантыфік дадаў, што гаворка ідзе пра цалкам рэалістычную мэту і сам Бог заклікае «сваіх вучняў станавіццам знакамі, каналамі, сведкамі Яго міласэрнасці».

«Кожны хрысціянін пакліканы быць сведкам міласэрнасці, і гэта адбываецца на шляху да святасці. Падумаем, колькі святых сталі міласэрнымі таму, што дазволілі Божай міласэрнасці напоўніць свае сэрцы. Яны далі цела любові Пана, выліваючы яе ў разнастайных патрэбах пакутуючага чалавецтва. У гэтым росквіце шматлікіх формаў любові можна заўважыць адлюстраванні міласэрнага аблічча Хрыста», — адзначыў Папа.

Святы Айцец патлумачыў, што міласэрнасць вучняў Хрыста выяўляецца галоўным чынам у прабачэнні і дары.

«Хрысціянін павінен прабачаць! Але чаму? Таму што сам быў прабачаны. Усе мы, сабраныя сёння на плошчы, былі прабачаны. А паколькі атрымалі прабачэнне, павінны таксама прабачаць. Гэтыя словы мы штодзённа паўтараем у малітве “Ойча наш”: “адпусці нам правіны нашы, як і мы адпускаем вінаватым нашым”. Гэта значыць прабачаць знявагі, прабачаць мноста рэчаў, бо і нам было прабачана шмат знявагаў і грахоў», — сказаў Пантыфік.

Па словах Папы, асуджаць «брата, які грашыць — памылкова», паколькі асуджэнне грэшніка «разрывае братэрскую сувязь з ім і з’яўляецца пагардай міласэрнасцю Бога, які не хоча адмаўляцца ні ад аднаго з сваіх дзяцей». «Мы не маем улады асуджаць нашага брата, які памыляецца, мы не вышэй за яго: але маем абавязак вярнуць яму годнасць сына Айца і суправаджаць на шляху навяртання», — заўважыў Пантыфік.

Гаворачы аб важнасці дару ў жыцці хрысціян, Святы Айцец нагадаў евангельскія словы: «Давайце, і будзе дадзена вам (...). Бо якой мераю мераеце, такой і вам будзе адмерана». «Калі добра паглядзім, тут ёсць узаемная логіка: па меры таго, колькі атрымліваем ад Бога, даем брату, і па меры таго, колькі даем брату, атрымліваем ад Бога!» — сказаў Папа.

«Міласэрная любоў, такім чынам, з’яўляецца адзіным шляхам, якім трэба ісці. Як моцна мы ўсе патрабуем таго, каб быць крыху больш міласэрнымі, не абгаворваць іншых, не асуджаць, не “выскубваць” іншых праз крытыку, нянавісць, зайздрасць. Не! Прабачаць, быць міласэрнымі, жыць у любові і даваць. Гэта міласэрнасць і любоў — дазволіць вучням Езуса не згубіць тоеснасці, атрыманай ад Яго, і прызнаваць сябе дзецьмі адзінага Айца», — падкрэсліў Пантыфік.

На заканчэнне сваёй катэхезы Папа Францішак заклікаў вернікаў быць міласэрнымі, каб мець сэрцы, напоўненыя любоўю.

Паводле беларускай рэдакцыі Ватыканскага радыё

(AG)

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.