Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Папа Францішак: Езус уздымае на ногі адрынутых грамадствам
Слова Папы
01.09.2016 10:00

Езус уздымае на ногі адрынутых грамадствам і вяртае ім годнасць, сказаў Папа Францішак на агульнай аўдыенцыі ў Ватыкане 31 жніўня.

У сваім разважанні Пантыфік спаслаўся на евангельскае апавяданне пра аздараўленне жанчыны, хворай на крывацёк (Мц 9, 20-22). Па словах Папы, яе пакуты насілі як духоўны, так і фізічны характар, паколькі яна была выключана з усіх чалавечых адносін.

«Гэты выпадак заклікае нас задумацца пра тое, якім чынам жанчыны часта ўспрымаюцца і прадстаўляюцца. Мы ўсе, у тым ліку хрысціянскія супольнасці, павінны быць уважлівымі перад абліччам пазначанага забабонамі і недаверу бачання жаноцкасці і нападаў на недатыкальную годнасць жанчын. У такім сэнсе менавіта Евангелле аднаўляе праўду і вядзе да вызваляючага пункту гледжання. Езус захапляўся верай гэтай жанчыны, якой усе пагарджалі, і перамяніў яе надзею ў збаўленне», — сказаў Папа.

Па словах Святога Айца, у сустрэчы з Хрыстом адкрываецца шлях збаўлення для ўсіх людзей, незалежна ад месца іх пражывання ці ўзросту.

Каментуючы паставу Езуса пры аздараўленні жанчыны, Папа заўважыў, што Хрыстус прыняў яе «з міласэрнасцю і пяшчотай», як адносіцца да ўсіх людзей, якія адчуваюць сябе адрынутымі па прычыне грахоў.

«Сёння ўсім нам, вялікім ці маленькім грэшнікам, якімі мы з'яўляемся, Пан кажа: “Адважней! Прыходзь! Ты больш не адрынуты і не адрынутая: Я табе прабачу, Я цябе адбыму”. Такая міласэрнасць Бога. Мы павінны мець адвагу і прыйсці да Яго, папрасіць прабачэння за нашы грахі і ісці наперад! З адвагай, як гэтая жанчына», — сказаў Папа.

Пантыфік адзначыў, што вельмі часта адрынутыя грамадствам людзі, як, напрыклад, пракажоныя ці бяздомныя, адчуваюць сорам і імкнуцца ўсё рабіць незаўважна для іншых. Езус жа, па словах Святога Айца, уздымае іх на ногі і вяртае згубленую годнасць.

«Езус яшчэ раз сваёй поўнай міласэрнасці паставай указвае Касцёлу маршрут, якім трэба прайсці, каб выйсці насустрач кожнаму чалавеку, каб кожны мог быць аздароўлены целам і душой і аднавіць сваю годнасць Божага дзіцяці», — падкрэсліў Пантыфік.

Вітаючы прысутных на ватыканскай плошчы пілігрымаў, Папа асаблівым чынам звярнуўся да вернікаў з Блізкага Усходу, сказаўшы: «Калі чалавечая надзея знікае і ўсё здаецца немагчымым, узыходзіць сонца Божай надзеі для тых, хто, нягледзячы на цемру выпрабаванняў, захоўвае запаленым полымя сваёй веры!»

На заканчэнне аўдыенцыі Святы Айцец удзяліў усім сабраным апостальскае благаслаўленне.

Паводле беларускай рэдакцыі Ватыканскага радыё

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.