Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Пантыфік: для Бога няма канчаткова згубленых авечак
Слова Папы
04.05.2016 14:18

Для Бога не існуе канчаткова згубленых авечак, ёсць толькі тыя, якіх трэба знайсці, сказаў Папа Францішак падчас агульнай аўдыенцыі ў Ватыкане 4 мая.

Катэхеза Пантыфіка была прысвечана прыпавесці пра згубленую авечку з Евангелля паводле Лукі (15, 4-6).

«Езус распавёў гэтую прыпавесць, каб патлумачыць нам, што Яго блізкасць да грэшнікаў не павінна абураць, а наадварот, правакаваць ва ўсіх сур’ёзнае разважанне аб тым, як мы перажываем нашу веру. З аднаго боку апавяданне прадстаўляе грэшнікаў, якія набліжаюцца да Езуса, каб паслухаць Яго, а з іншага — недаверлівых настаўнікаў Закону і кніжнікаў, якія адыходзілі ад Яго па прычыне такога стаўлення. Яны аддаляліся, бо Езус набліжаўся да грэшнікаў. Яны былі ганарыстымі, пыхлівымі, лічылі сябе правільнымі», — сказаў Папа Францішак.

Пантыфік нагадаў, што прыпавесць пачынаецца з пытання: «Хто з вас, маючы сто авечак і згубіўшы адну з іх, не пакіне дзевяноста дзевяць у пустыні і не пойдзе па згубленую, пакуль не знойдзе яе?» Можа здавацца, што пастыр забываецца пра ўвесь статак дзеля адной авечкі, але гэта не так, заўважыў Святы Айцец.

«Урок, які хоча нам даць Езус, перш за ўсё ў тым, што ніводная авечка не можа быць згублена. Пан не можа пагадзіцца з тым фактам, што нават адна асоба можа згубіцца. Бог дзейнічае, як Той, хто ідзе шукаць згубленых дзяцей, каб затым святкаваць і радавацца з усімі, бо знайшоў іх. Гаворка ідзе пра няўрымслівае жаданне: нават дзевяноста дзевяць авечак не могуць спыніць пастыра і трымаць яго зачыненым у аўчарні», — падкрэсліў Папа.

Пантыфік нагадаў, што міласэрнасць да грэшнікаў — гэта стыль Бога, якому не знаёмая культура адчужэння. Знайсці Бога можна там, дзе ёсць згубленыя авечкі, адзначыў Папа.

«Такім чынам, Пана трэба шукаць там, дзе Ён нас жадае сустрэць, а не дзе мы хочам Яго знайсці! Ніякім іншым чынам нельга ўз’яднаць статак; толькі ідучы дарогай, пракладзенай міласэрнасцю пастыра. Шукаючы адну згубленую авечку, Ён падштурхоўвае дзевяноста дзевяць удзельнічаць ва ўз’яднанні статку. Тады не толькі авечка, прынесеная на плячах, але і ўся аўчарня пойдзе за пастырам аж да яго дома, каб радавацца разам з “сябрамі і суседзямі”», — перакананы Пантыфік.

Святы Айцец заўважыў, што ў хрысціянскай супольнасці заўсёды адбываецца так, што нехта адыходзіць, і часам гэта вядзе да пераканання, што гэта была «непазбежная страта, невылечная хвароба». Адсюль узнікае рызыка замкнуцца ў статку, дзе ўжо не будзе паху авечак, а толькі «смурод закрытасці».

«Так здараецца, калі не хапае місійнага запалу, які вядзе да сустрэчы з іншымі людзьмі. У вачах Езуса не існуе канчаткова згубленых авечак, (...) але толькі тыя, якіх трэба знайсці. Гэта перспектыва дынамічная, адкрытая, стымулюючая і крэатыўная. Яна падштурхоўвае выйсці на пошук і стаць на шлях братэрства. Ніякая дыстанцыя не можа трымаць пастыра здалёк, і ніводзін статак не можа адмовіцца ад брата. Знайсці таго, хто згубіўся, — гэта радасць пастыра і Бога, а таксама радасць усяго статку!» — падкрэсліў Пантыфік.

Папа Францішак нагадаў, што «мы ўсе з’яўляемся авечкамі, знойдзенымі і сабранымі ў статак міласэрнасцю Пана», таму і самі пакліканы дапамагаць Яму шукаць тых, хто згубіўся.

Беларуская рэдакцыя Ватыканскага радыё

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.