Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Папа Францішак: “У спачуванні Езуса да людзей уцелавілася ласкавасць Бога”
Слова Папы
19.07.2015 20:17

У спачуванні Езуса да людзей уцелавілася ласкавасць Бога, адзначыў Папа Францішак у разважанні перад малітвай “Анёл Панскі” 19 ліпеня на плошчы св. Пятра, дзе, нягледзячы на анамальную спёку, сабраліся тысячы пілігрымаў. Святы Айцец узгадаў таксама пра сваё Апостальскае падарожжа ў Лацінскую Амерыку 5-13 ліпеня.

“Сённяшняе Евангелле кажа нам, што апосталы пасля місійнага досведу былі задаволенымі, але таксама і стомленымі, – заўважыў Папа. – А Езус, поўны спагады, хацеў даць ім крыху суцяшэння; таму ўзяў іх адных у пустыннае месца, каб маглі крыху адпачнуць (пар. Мк 6, 31). “І шмат хто, даведаўшыся, пешкі збегліся туды... і апярэдзілі іх” (32). Тут евангеліст дае нам выключна моцную выяву Езуса, можна сказаць, “фатаграфуючы” Яго вочы і паказваючы пачуцці Ягонага сэрца: “Выйшаўшы, Езус убачыў мноства людзей і злітаваўся над імі, бо яны былі як авечкі без пастыра. І пачаў вучыць іх многаму” (34).

Пахілімся над трыма дзеясловамі гэтай хвалюючай фотаграмы: “бачыць”, “злітавацца”, “вучыць”. Мы можам назваць іх дзеясловамі Пастыра. Першы і другі заўсёды злучаны з паводзінамі Езуса: сапраўды, Яго позірк – гэта не позірк сацыёлага ці фотарэпарцёра, таму што Ён заўсёды глядзіць “вачыма сэрца”. Гэтыя два дзеясловы – “бачыць” і “злітавацца” – прадстаўляюць Езуса як Добрага Пастыра. Таксама і Яго спачуванне не было толькі чалавечым пачуццём, але хваляваннем Месіі, у якім уцелавілася ласкавасць Бога. Ад гэтага спачування нарадзілася жаданне Езуса насычаць натоўп хлебам Яго слова, гэта значыць вучыць Божаму слову людзей. Езус бачыць, Езус спачувае, Езус нас вучыць. Цудоўна гэта!

Я прасіў Пана, каб Дух Езуса, Добрага Пастыра, вёў мяне падчас Апостальскага падарожжа, якое здзейсніў некалькі дзён таму ў Лацінскую Амерыку, і каб дазволіў мне наведаць Эквадор, Балівію і Парагвай. Ад усяго сэрца дзякую Богу за гэты дар. Дзякую народам гэтых трох краін за іх эмацыйны і цёплы прыём і энтузіязм. Зноў скіроўваю падзяку ўладам гэтых краін за гасціннасць і супрацоўніцтва. З вялікай любоўю дзякую маім братам біскупам, святарам, кансэкраваным асобам і ўсім народам за цяпло, з якім удзельнічалі. З гэтымі братамі і сёстрамі я праслаўляў Пана за цуды, якія здзейсніў у Народзе Божым, што крочыць па гэтых землях, за веру, якую запаліў і якая натхняе яго жыццё і культуру. Мы праслаўлялі Яго таксама за прыгажосць прыроды, якой узбагачаны гэтыя краіны. Лацінаамерыканскі кантынент мае вялікі чалавечы і духоўны патэнцыял, захоўвае глыбока ўкаранёныя хрысціянскія каштоўнасці, але перажывае таксама цяжкія сацыяльныя і эканамічныя праблемы. Каб садзейнічаць іх вырашэнню, Касцёл пакліканы мабілізаваць духоўныя і маральныя сілы сваіх супольнасцяў, у супрацоўніцтве з усімі здаровымі кампанентамі грамадства. Перад абліччам вялікіх выклікаў, на якія павінна адказаць евангельскае абвяшчэнне, я заклікаў чэрпаць ад Езуса Хрыста ласку, якая збаўляе і ўмацоўвае хрысціянскае сведчанне, пашырэнне Божага слова, каб моцная рэлігійнасць гэтых народаў магла заўсёды быць верным сведчаннем Евангелля.

Матчынаму заступніцтву Панны Марыі, якую ўся Лацінская Амерыка шануе як апякунку пад іменем Маці Божай Гвадэлупскай, давяраю плёны гэтага незабыўнага Апостальскага падарожжа”.

Пасля малітвы Пантыфік па традыцыі прывітаў сабраныя на плошчы св. Пятра групы пілігрымаў і папрасіў не забываць аб малітве за яго.

Паводле беларускай рэдакцыі Ватыканскага радыё

(AG)

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.