Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Папа Францішак: «Вярнуць гонар сужэнству і сям’і»
Слова Папы
22.04.2015 13:39

Папа Францішак заклікаў пераадолець існуючы недавер да саюзу паміж мужчынам і жанчынай і вярнуць гонар сям’і і сужэнству. У катэхезе падчас агульнай аўдыенцыі на плошчы св. Пятра 22 красавіка Пантыфік засяродзіў увагу на біблійным апавяданні пра стварэнне чалавека.

“Святы Дух, які натхніў Біблію, на імгненне прадстаўляе чалавека аднаго, без жанчыны”, паказвае думкі і пачуцці Створцы, які назіраў за Адамам у садзе, адзначыў Папа. Мужчына быў свабодным, гаспадаром, але самотным; Бог убачыў, што гэта “не добра”, і вырашыў даць яму адпаведную дапамогу, нагадаў Пантыфік.

“Калі, нарэшце, Бог прадставіў яму жанчыну, мужчына з радасцю прызнаў, што яна з’яўляецца яго часткай: “гэта косць ад касцей маіх і цела ад майго цела” (2, 23). Нарэшце з’явілася адлюстраванне, узаемнасць. (...) Жанчына – гэта не “дублікат” мужчыны, яна з’явілася дзякуючы непасрэдна творчаму жэсту Бога. Вобраз “рабра” не выражае яе другаснасці ці падпарадкаванасці, але наадварот – тое, што мужчына і жанчына маюць адну прыроду і з’яўляюцца ўзаемадапаўняльнымі. Той факт, што Бог стварыў жанчыну, пакуль мужчына спаў – пра што апавядаецца ў прыпавесці – падкрэслівае тое, што яна ніякім чынам не з’яўляецца творам мужчыны, але Бога”, — сказаў Папа.     

Святы Айцец заўважыў, што Бог меў поўны давер да першых людзей, бо менавіта ім загадаў клапаціцца аб усім стварэнні, але злы пасяліў у іх падазронасць, нявернасць, недавер, што прывяло да непаслухмянасці. Яны паддаліся маніі ўсемагутнасці, якая забруджвае ўсё і разбурае гармонію.

“Грэх стварыў недавер і падзелы паміж мужчынам і жанчынай. Іх адносіны трапілі ў пастку тысяч форм злоўжыванняў і падпарадкаванасці, падманлівых спакусаў і прыніжальнага самаўпраўства, аж да самага драматычнага і гвалтоўнага. Гісторыя захоўвае сляды гэтага. Узгадаем, напрыклад, пра перагібы патрыярхальных культур. Узгадаем шматлікія формы мужчынскага шавінізму, згодна з якім жанчыны лічацца стварэннямі другога гатунку. Узгадаем інструменталізацыю і ператварэнне ў тавар жаночага цела ў актуальнай медыйнай культуры. Але ўзгадаем таксама і сучасную эпідэмію недаверу, скептыцызму і нават варожасці, якая пашыраецца ў нашай культуры, пачынаючы з падазронасці жанчын адносна саюзу паміж мужчынам і жанчынай, які на самой справе здольны ўдасканальваць блізкасць адзінства і бараніць годнасць адметнасцяў”, — сказаў Папа.

Па словах Святога Айца, калі не вярнуць “сімпатыі да гэтага саюзу, здольнага выратаваць новыя пакаленні ад недаверу і абыякавасці, то дзеці будуць прыходзіць на свет усё больш і больш адлучанымі ад яго, ужо пачынаючы ад мацярынскага ўлоння”. “Сацыяльная дэвальвацыя стабільнага і пракрэацыйнага саюзу паміж мужчынам і жанчынай будзе, без сумневаў, стратай для ўсіх. Мы павінны вярнуць гонар сужэнству і сям’і!” — падкрэсліў Папа і заклікаў бараніць саюз паміж мужчынам і жанчынай, атулены пяшчотай і аховай самога Бога.

На заканчэнне агульнай аўдыенцыі Пантыфік нагадаў, што 22 красавіка ў свеце адзначаецца Дзень Зямлі. У сувязі з гэтым Святы Айцец заклікаў глядзець на планету вачыма Бога і з павагай і клопатам адносіцца да стварэння.

Паводле беларускай рэдакцыі Ватыканскага радыё

(AG)

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.