Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Папа Францішак: Валадарства Божае пераўзыдзе любыя чалавечыя чаканні радасці, любові і супакою
Слова Папы
26.11.2014 14:47

Валадарства Божае пераўзыдзе любыя чалавечыя чаканні радасці, любові і супакою, падкрэсліў Папа Францішак падчас агульнай аўдыенцыі на плошчы св. Пятра 26 лістапада. Пантыфік нагадаў пра існаванне праўды, «аб якой ніколі нельга забывацца»: Касцёл — не статычная рэальнасць ці самамэта, а рэчаіснасць, якая пастаянна крочыць у гісторыі ў напрамку апошняй і цудоўнай мэты — Валадарства Нябеснага.

Касцёл з’яўляецца яго зернем і пачаткам, заўважыў Папа. Па словах Пантыфіка, гэты гарызонт пераўзыходзіць любыя чалавечыя ўяўленні і пачуцці і пастаянна ўздымае ў сэрцах людзей пытанні: «Калі адбудзецца гэты канчатковы пераход? Якім будзе новае вымярэнне, куды ўвойдзе Касцёл? Што будзе з чалавецтвам і з тварэннем, якое яго акружае?» Адносна гэтых пытанняў, нагадаў Святы Айцец, Пастырская канстытуцыя пра Касцёл у сучасным свеце «Gaudium et spes» кажа: «Мы не ведаем часу, калі скончыцца зямля і чалавецтва, не ведаем таксама, якім чынам будзе зменены свет. Прамінае вобраз гэтага свету, скажоны грахом, але мы ведаем, што Бог рыхтуе новае жыллё і новую зямлю, у якой жыве справядлівасць і шчасце якой заспакоіць і пераўзыдзе ўсякія жаданні спакою, што гараць у людскіх сэрцах».

«Вось мэта, да якой імкнецца Касцёл: гэта, як кажа Біблія, “Новы Ерузалем”, “Неба”. Больш, чым пра месца, тут гаворка ідзе пра “стан”, у якім нашы самыя глыбокія чаканні будуць споўнены з лішкам, а наша існаванне, як тварэнняў і дзяцей Божых, дасягне поўнага сталення. Мы нарэшце будзем цалкам і без абмежаванняў апрануты ў радасць, спакой і любоў Бога і станем тварам ў твар з Ім. Цудоўна думаць пра гэта!» — сказаў Папа.

Святы Айцец звярнуў увагу на працягласць і глыбокае адзінства паміж тым Касцёлам, які ў Небе, і тым, які яшчэ крочыць па зямлі. «Тыя, хто ўжо жыве ў прысутнасці Бога, могуць падтрымліваць нас, заступацца і маліцца за нас. З іншага боку, таксама і мы заўсёды пакліканы ахвяроўваць добрыя справы, малітвы і саму Эўхарыстыю, каб палегчыць пакуты душаў, якія яшчэ знаходзяцца ў чаканні бязмежнага благаслаўлення. Так! Таму што ў хрысціянскай перспектыве адметнасць існуе не паміж памерлымі і яшчэ жывымі, а тымі, хто належыць да Хрыста, і тымі, якія да Яго не належаць! Гэта вызначальны элемент, па-сапраўднаму вырашальны для нашага збаўлення і нашага шчасця!» — адзначыў Пантыфік.

Спаўненне цудоўнага плану збаўлення, па словах Папы, тычыцца ўсяго тварэння, якое павінна быць вызвалена «з няволі тлення дзеля свабоды хвалы дзяцей Божых». У Святым Пісанні, дадаў Пантыфік, выкарыстоўваюцца вобразы «новага неба» і «новай зямлі», каб паказаць, што ўвесь сусвет будзе абноўлены і вызвалены ад зла і смерці.

«Тое, што паабяцана, як спаўненне перамены, якая на самой справе ўжо ажыццяўляецца, пачынаючы са смерці і ўваскрасення Хрыста, — гэта новае стварэнне. Гаворка ідзе не пра знішчэнне космасу і ўсяго, што нас нас акружае, але пра прывядзенне ўсяго да поўні існавання, праўды, прыгажосці. Гэта задума, якую Бог, Айцец, Сын і Дух Святы, заўсёды хацеў споўніць і ўжо спаўняе», — сказаў Папа.

Напрыканцы аўдыенцыі Пантыфік нагадаў, што 28 лістапада накіруецца з апостальскім візітам у Турцыю, у сувязі з чым заклікаў вернікаў маліцца, каб гэтае падарожжа прынесла плёны міру, шчырага дыялогу паміж рэлігіямі і згоды для турэцкага народа.

Паводле беларускай рэдакцыі Ватыканскага радыё

(AG)

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.