Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Папа Францішак: «Кожная жыццёвая сітуацыя вядзе да святасці»
Слова Папы
19.11.2014 14:42

Усе хрысціяне маюць аднолькавую годнасць перад Панам і аб’яднаны адзіным пакліканнем да святасці. Але як яго можна рэалізаваць у жыцці? На гэтае пытанне Папа Францішак адказаў у сваёй катэхезе падчас агульнай аўдыенцыі на плошчы св. Пятра 19 лістапада.

Пантыфік падкрэсліў, што святасць не дасягаецца дзякуючы ўласным якасцям і здольнасцям, але з’яўляецца дарам Бога, які даецца ўсім без выключэння, і для таго, каб стаць святым, не трэба абавязкова быць біскупам, святаром ці законнікам. «Мы ўсе пакліканы да святасці! — нагадаў Папа. — Часта мы адчуваем спакушэнне думкай пра тое, што святасць вызначана толькі для тых, хто мае магчымасць аддаліцца ад штодзённых спраў, каб прысвяціць сябе выключна малітве. Але гэта не так! Некаторыя думаюць, што святасць заключаецца ў тым, каб закрыць вочы і зрабіць твар як на абразе. Не! Гэта не святасць. Святасць — гэта штосьці большае, больш глыбокае, што нам дае Бог! Больш за тое, менавіта жывучы з любоўю і даючы хрысціянскае сведчанне ў штодзённых клопатах, мы пакліканы станавіцца святымі — кожны ў тых жыццёвых умовах, у якіх прабывае».

Па словах Святога Айца, кансэкраваныя асобы пакліканы станавіцца святымі, з радасцю жывучы сваім пасвячэннем і служэннем; тыя, хто жыве ў сужэнстве — праз каханне і клопат аб мужу ці жонцы; нежанатыя вернікі — праз сумленнае і кампетэнтнае выкананне сваёй працы і прысвячэнне часу на служэнне братам. Пантыфік адзначыў, што стаць святым можна працуючы на фабрыцы, будучы бухгалтарам або маючы любы іншы занятак — важна «адкрыцца на ласку, якая працуе ўнутры нас і вядзе да святасці». «Кожная жыццёвая сітуацыя вядзе да святасці», — падкрэсліў Папа і заклікаў не спыняцца на гэтым шляху.

Пантыфік дадаў, што кожнаму верніку важна зрабіць рахунак сумлення — у цішыні адказаць перад сабой на пытанне: якім чынам я адгукнуўся на пакліканне Пана да святасці? Гэта пакліканне не з’яўляецца сумным і цяжкім, наадварот — радасным і здзяйсняецца праз маленькія крокі, заўважыў Святы Айцец.

«Адзін прыклад. Жанчына ідзе на рынак за пакупкамі і сустракае сваю знаёмую. Яны пачынаюць размаўляць, і калі даходзіць да плётак, тая кажа: “Не, я не буду нікога абгаворваць”. Гэта крок да святасці, гэта дапамагае станавіцца святымі. Затым, дома, калі сын просіць крыху паразмаўляць пра яго выдумкі, ты адказваеш: “Я стомлены, бо працаваў шмат сёння”. Сядзь і выслухай свайго сына, ён мае ў гэтым патрэбу! Гэта крок да святасці. Калі заканчваецца дзень — мы ўсе вельмі стомленыя. А як жа малітва? Памолімся! Гэта крок да святасці!» — сказаў Папа.

Маленькімі крокамі да святасці, па словах Святога Айца, з’яўляецца таксама ўдзел у нядзельнай Эўхарыстыі і споведзь, малітва на ружанцы, спыненне на вуліцы дзеля размовы і дапамогі патрабуючым. «Кожны крок да святасці робіць нас лепшымі, свабоднымі ад эгаізму, закрытасці ў саміх сабе і адкрытымі на братоў і іх патрэбы», — адзначыў Пантыфік.

На заканчэнне агульнай аўдыенцыі Папа нагадаў, што 21 лістапада Касцёл будзе адзначаць дзень, прысвечаны манаскім кляўзуровым супольнасцям. Святы Айцец заклікаў дзякаваць Пану за дар людзей, якія прысвячаюць сябе Богу ў малітве і дзейсным маўчанні ў кляштарах і пустэльнях, і падтрымліваць іх малітоўна.

Паводле беларускай рэдакцыі Ватыканскага радыё

(AG)

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.