Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Папа Францішак: «Нельга любіць Бога без любові да бліжняга і любіць бліжняга без любові да Бога»
Слова Папы
26.10.2014 16:28

“Мы больш не можам аддзяляць рэлігійнае жыццё ад служэння братам, тым канкрэтным братам, якіх мы сустракаем. Мы не можам ужо больш аддзяляць малітву, сустрэчу з Богам у сакрамэнтах, ад выслухоўвання бліжняга, ад блізкасці да яго жыцця, асабліва яго ранаў”, - сказаў Папа Францішак перад малітвай “Анёл Панскі” на плошчы св. Пятра 26 кастрычніка.

“Евангелле гэтай нядзелі нам нагадвае, што ўвесь Божы закон заключаецца ў любові да Бога і бліжняга. Евангеліст Мацвей кажа, што некаторыя фарысеі змовіліся, каб выставіць Езуса на спробу (Мц 22, 34-35). Адзін з іх, кніжнік, спытаўся ў Яго: “Настаўнік, якая запаведзь найбольшая ў Законе?” (Мц 22, 36). Езус цытуючы Кнігу Другазаконня, адказаў: “Любі Пана Бога твайго ўсім сэрцам тваім, і ўсёй душой тваёй, і ўсім розумам тваім. Гэта найбольшая і першая запаведзь” (Мц 22, 37-38). Ён мог бы спыніцца тут. Аднак Езус дадаў штосьці, чаго не прасіў кніжнік. Ён сказаў: “Другая ж — падобная да яе: Любі бліжняга твайго, як самога сябе” (Мц 22, 39). Таксама і гэтую другу запаведзь Езус не выдумаў, але ўзяў з Кнігі Левіта. Яго навізна ў тым, што спалучае гэтыя дзве запаведзі: любоў да Бога і бліжняга, падкрэсліваючы, што яны неаддзельныя і дапаўняюць адна адну і з’яўляюцца двума бакамі таго ж самага медаля. Нельга любіць Бога без любові да бліжняга і немагчыма любіць бліжняга без любові да Бога. Папа Бэнэдыкт ХVI пакінуў нам вельмі прыгожы каментар пра гэта ў сваёй першай энцыкліцы “Deus Caritas Est” (16-18).

Сапраўды бачным знакам, які хрысціянін можа паказаць, каб даць свету, іншым, а таксама сваёй сям’і сведчанне аб сваёй любові да Бога, з’яўляецца любоў да братоў. Запаведзь любові да Бога і бліжняга з’яўляецца першай не таму, што знаходзіцца на вяршыні спісу запаведзяў. Езус паставіў яе не на першае месца, але ў цэнтр, таму што яна з’яўляецца сутнасцю, з якой усё павінна пачынацца і да якой усё павінна вяртацца, і ўяўляе сабой кропку адліку.

Ужо ў Старым Запавеце патрабаванне быцця святымі, на вобраз Бога, які святы, змяшчала таксама абавязак клапаціцца пра найбольш слабых асобаў, пра чужынцаў, сірот, удоваў (Зых 22, 20-26). Езус завяршае гэты закон запавету, Ён аб’ядноўвае ў сабе самім, у сваім целе, боскасць і чалавецтва, у дзіўнай таямніцы любові.

Таму ў святле гэтых словаў Езуса любоў з’яўляецца меркай веры і вера – гэта душа любові. Мы больш не можам аддзяляць рэлігійнае жыццё, пабожнае жыццё, ад служэння братам, тым канкрэтным братам, якіх мы сустракаем. Мы не можам ужо больш аддзяляць малітву, сустрэчу з Богам у сакрамэнтах, ад выслухоўвання бліжняга, ад блізкасці да яго жыцця, асабліва яго ранаў. Памятаеце: любоў з’яўляецца мерай веры. Як ты любіш? І няхай кожны сабе адкажа. Якой з’яўляецца твая вера? Мая вера такая, як я люблю. Вера - гэта душа любові.

Сярод пушчы загадаў і нормаў – учарашніх і сённяшніх законаў – Езус робіць прарыў, які дазваляе нам бачыць два абліччы: аблічча Айца і аблічча брата. Ён не перадае нам двух узораў ці двух загадаў, але дае два абліччы, а нават толькі адно: аблічча Бога, якое адлюстроўваецца ў шматлікіх абліччах, таму што ў абліччы кожнага брата, асабліва найменшага, слабога, безабароннага і патрабуючага, прысутны вобраз самога Бога. І мы павінны спытаць сябе, калі мы сутыкаемся з адным з гэтых братоў, мы ў стане распазнаць у ім аблічча Бога: ці мы здольныя да гэтага?

Такім чынам, Езус дае кожнаму чалавеку асноўны крытэрый, на якім ён павінен усталяваць сваё жыццё. Але больш за ўсё Ён даў нам свайго Святога Духа, які дазваляе нам любіць Бога і бліжняга так, як любіў Ён, са свабодным і шчырым сэрцам. Праз заступніцтва Панны Марыі, нашай Маці, адкрыем сябе на прыняцце гэтага дару любові, каб заўсёды крочыць у гэтым законе двух абліччаў, якія з’яўляюцца адным і тым самым абліччам: законам любові”.

Пасля малітвы Пантыфік адзначыў, што 25 кастрычніка ў бразільскім Сан-Паўлу была абвешчана благаслаўлёнай італьянская законніца Асунта Маркеці, заснавальніцы Ордэну Законніц Місіянерак ад святога Карла Барамея – скалабрынянак. Пантыфік нагадаў, што яна была ўзорнай законніцай, якая поўнасцю аддалася служэнню. “Яна бачыла Езуса прысутным у бедных, сіротах, хворых, мігрантах. Падзякуем Пану за гэтую жанчыну, якая была ўзорам нястомнага місянерскага духу і мужнай адданасці ў служэнні любові”, - сказаў Папа.

Паводле беларускай рэдакцыі Ватыканскага радыё

(AG)

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.