Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Папа Францішак: «Касцёл задуманы для евангелізацыі і сустрэчы з усімі»
Слова Папы
17.09.2014 14:09

Пра значэнне паняццяў «каталіцкі» і «апостальскі» ў адносінах да Касцёла распавёў Папа Францішак падчас агульнай аўдыенцыі 17 верасня. Пантыфік нагадаў, што яшчэ ў першыя стагоддзі хрысціянства св. Кірыл Александрыйскі сцвярджаў, што «Касцёл называецца каталіцкім – гэта значыць паўсюдным – таму што раскінуўся з аднаго да другога краю зямлі; а таксама таму, што паўсюдна, і без выключэння, навучае ўсім праўдам, якія павінны дасягнуць розуму людзей, адносна як нябесных, так і зямных спраў».

«Відавочным знакам каталіцкасці Касцёла з’яўляецца тое, што ён прамаўляе на ўсіх мовах, а гэта не што іншае, як вынік Пяцідзясятніцы: гэта Святы Дух зрабіў апосталаў і ўвесь Касцёл здольнымі несці Добрую Навіну збаўлення і любові Бога да ўсіх, аж да краю зямлі. Касцёл быў народжаны каталіцкім, гэта значыць “сімфанічным”, ад самага свайго пачатку, і не можа быць некаталіцкім, бо быў задуманы для евангелізацыі і сустрэчы з усімі», — сказаў Папа.

Па словах Пантыфіка, калі б апосталы пасля атрымання Святога Духа засталіся ў Вячэрніку, а не пайшлі абвяшчаць Евангелле, Касцёл мог бы застацца часткай толькі аднаго народа ці горада; але ён быў створаны місійным, апостальскім.

«Гэты тэрмін нагадвае нам, што Касцёл пабудаваны на фундаменце апосталаў і знаходзіцца ў лучнасці з імі, (...) ён пакліканы несці ўсім людзям евангельскае пасланне, суправаджаючы яго знакамі пяшчотнасці і Божай моцы. Таксама і гэта паходзіць ад эфекту Пяцідзясятніцы: менавіта Святы Дух пераўзыходзіць кожны супраціў, перамагае спакусу закрыцца ў саміх сабе, у невялікай групе выбраных, і лічыць сябе адзінымі адрасатамі Божага благаслаўлення. (...) Менавіта Святы Дух вядзе нас на сустрэчу з братамі, у тым ліку самымі аддаленымі, ва ўсіх сэнсах, каб яны маглі раздзяліць з намі любоў, спакой, радасць, якія Уваскрослы Пан пакінуў у дар», — сказаў Пантыфік.

Папа падкрэсліў, што прыналежнасць да каталіцкага і апостальскага Касцёла патрабуе клопату аб збаўленні ўсяго чалавецтва, а таксама адкрытасці і салідарнасці ў адносінах да братоў. Гэтая прыналежнасць азначае таксама поўню, закончанасць, гарманічнасць хрысціянскага жыцця і адмаўленне ад частковасці, аднабаковасці, якія спрыяюць закрытасці.

«Быць часткай апостальскага Касцёла азначае ўсведамляць, што наша вера прывязана да абвяшчэння і сведчання саміх апосталаў аб Езусе, і таму адчуваць сябе заўсёды пакліканымі, пасланымі, у адзінстве з наступнікамі апосталаў, абвяшчаць з сэрцам, поўным радасці, Хрыста і Яго любоў да ўсяго чалавецтва. І тут я жадаю нагадаць пра гераічнае жыццё шматлікіх місіянераў і місіянерак, якія пакінулі свае родныя краіны, каб ісці і абвяшчаць Евангелле ў іншых краях і кантынентах. Адзін бразільскі кардынал, які шмат працаваў у Амазоніі, калі прыбываў у адзін з новых гарадоў, заўсёды ішоў на могілкі і наведваў там магілы місіянераў, святароў, законнікаў і законніц, якія прыходзілі прапаведваць Евангелле – апосталаў. І ён лічыў, што яны могуць быць кананізаваны неадкладна, бо пакінулі ўсё, каб абвяшчаць Езуса Хрыста», — падзяліўся Папа.

На заканчэнне агульнай аўдыенцыі Святы Айцец заклікаў вернікаў прасіць у Бога аб абнаўленні дару Святога Духа, каб кожная хрысціянская супольнасць і кожны ахрышчаны быў выразам Касцёла – каталіцкага і апостальскага.

Паводле беларускай рэдакцыі Ватыканскага радыё

(AG)

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.