Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Бэнэдыкт ХVI: цуды — гэта любоў Бога, якая рэалізуецца там, дзе сустракае веру
Слова Папы
09.07.2012 10:42

8 ліпеня 2012 г. Бэнэдыкт ХVI сустрэўся з вернікамі ў сваёй летняй рэзідэнцыі ў Кастэль Гандольфа, што навокал Рыма, на нядзельнай малітве «Анёл Панскі». У кароткай прамове перад малітвай Святы Айцец засяродзіўся на урыўку з Евангелля паводле Марка.

«Дарагія браты і сёстры, — звярнуўся Папа да прысутных. — Хачу коратка спыніцца на фрагменце Евангелля з сённяшянй нядзелі, над тэкстам, з якога паходзіць вядомае выказванне: «Nemo propheta in patria» — няма прароку пашаны сярод свайго народа».

Як апавядае евангеліст Марк, аднойчы Езус прыйшоў у Назарэт і навучаў у сінагозе. Суайчыннікі дзівіліся мудрасці Яго, але веры не мелі. «Гэта зразумела, бо знаёмства ў плоскасці чалавечай часта перашкаджае выйсці за межы сябе, і адкрыцца на боскае вымярэнне, — прыводзіць словы Папы Ватыканскае радыё. — У сувязі з гэтым духоўным закрыццём Езус не мог учыніць у Назарэце „ніякага цуду, толькі на некалькі хворых усклаў рукі і аздаравіў іх“. Сапраўды, цуды Хрыста — гэта не дэманстрацыя сілы, а знакі любові Бога, якая рэалізуецца там, дзе сустракае веру чалавека».

Пантыфік указаў, што Езус абураўся на здзіўленне сваіх землякоў: «Як гэта магчыма, што яны не распазналі святла Праўды? Чаму не адкрываюцца яны на дабрыню Бога, які захацеў прыняць наша чалавецтва? Чалавек па імені Езус з Назарэта з’яўляецца празрыстасцю Бога, у Ім Бог жыве поўнасцю. І калі мы шукаем іншых знакаў, іншых цудаў, мы не разумеем, што сапраўдным Знакам з’яўляецца Ён — Бог, які стаў чалавекам. Гэта Ён з’яўляецца найбольшым цудам сусвету — усёй любоўю Бога, якая пасялілася ў чалавечым сэрцы, у асобе чалавека».

Святы Айцец заклікаў на ўзор Марыі, «нашай Маці ў веры, прызнаць ў чалавечнасці Хрыста ідэальнае адкрыццё Бога».

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.