Бэнэдыкт XVI нагадаў аб асобе і справах св. Дамініка і заахвоціў святароў цаніць духоўную каштоўнасць адукацыі | Друк |
Слова Папы
03.02.2010 16:33

Падчас агульнай аўдыенцыі, якая адбылася 3 лютага 2010 г. у Апостальскай Сталіцы, Святы Айцец Бэнэдыкт XVI указаў на неабходнасць верных абвяшчальнікаў Евангелля ў сучасным свеце. Таксама Папа перасцярог духавенства перад небяспекай кар’ерызму, заклікаўшы да клопату аб павышэнні інтэлектуальнага ўзроўню і глыбейшага сузірання Аб’яўленай Праўды. Катэхеза была прысвечана постаці святога Дамініка, заснавальніка Ордэна братоў Прапаведнікаў (дамініканаў).

Святы Дамінік нарадзіўся каля 1170 г. у Калеруэзе (Іспанія). Быў абраны катэдральным канонікам капітулы ў сваёй роднай дыяцэзіі ў Осме. Як адзначыў Папа, хоць гэтая пасада магла стаць для святога прычынай для гонару, ён не трактаваў яе як матыў да асабістага прэстыжу або як пачатак пэўнай кар’еры ў Касцёле, бачачы ў ёй выключна служэнне, якое належыць несці з пакорай. У гэтым кантэксце Пантыфік заклікаў святароў не клапаціцца аб уладзе, прэстыжы і пашане для сябе, заўважыўшы адначасова, што нават у свеце часта здараюцца сітуацыі, калі тыя, каму даручана адказнасць за грамадства, дбаюць толькі аб уласнай карысці. «У жыцці святых любоў да Бога і бліжняга, шуканне Божай хвалы і збаўлення душы заўсёды крочаць разам», — дадаў Бэнэдыкт XVI.

Па словах Папы, св. Дамінік нагадвае вернікам, што ў сэрцы касцёла заўсёды павінен палаць агонь місіянерства, клопат аб тым, каб несці людзям Евангелле або здзяйсняць новую евангелізацыю. Пантыфік падкрэсліў, што ва ўсе часы людзі маюць права пазнаць і палюбіць Хрыста, выказаўшы адначасова радасць з нагоды таго, што сёння ў Касцёле не бракуе святароў і свецкіх вернікаў, якія ахвотна прысвячаюць сваё жыццё найвышэйшаму ідэалу абвяшчэння і сведчання Добрай навіны.

Як працягваў Папа, падчас сваіх падарожжаў па Паўночнай Еўропе св. Дамінік убачыў перад сабою дзве галоўныя праблемы, што стаялі ў той час перад Касцёлам: існаванне на поўначы кантынента народаў, яшчэ не знаёмых з Евангеллем, і аслабленне рэлігійнага жыцця на поўдні Францыі, дзе атрымалі распаўсюджванне некаторыя ерэтычныя рухі. Вырашэнне гэтых дзвюх задач стала апостальскай справай святога.  

Святы займаўся прапаведніцтвам сярод альбігойцаў — групы ерэтыкоў, якая вызнавала дуалістычную канцэпцыю рэчаіснасці, выступаючы за аднолькавую дзейнасць у свеце сілаў дабра і зла, адмаўляючы сужэнствы, уцелаўленне Хрыста, сакрамэнты і ўваскрашэнне цела. Святы Дамінік выконваў сваю місію з энтузіязмам, рэалізуючы яе праз прыклад свайго ўбогага і суровага жыцця, якому альбігойцы надавалі вялікае значэнне, крытыкуючы стыль жыцця тагачаснага духавенства, а таксама праз абвяшчэнне Евангелля і публічныя дыскусіі. Разам з тым Папа заахвоціў да ўсведамлення культурнага вымярэння веры, «каб хараство хрысціянскай праўды магло быць лепш зразумета і вера магла сапраўды карміць, узмацняць і нават бараніць».

Звяртаючыся да тэмы Года святарства, Пантыфік заклікаў святароў і семінарыстаў належным чынам ацэньваць духоўную каштоўнасць адукацыі. Як дадаў Святы Айцец, якасць святарскага служэння залежыць ад таго, наколькі глыбока душпастыры падыходзяць да вывучэння абвешчаных праўдаў. У гэтым кантэксце Папа ўказаў на прыклад св. Дамініка, які прагнуў, каб яго духоўныя сыны атрымалі належную тэалагічную падрыхтоўку і накіроўваў іх на вучобу ў тагачасныя універсітэты.

Як адзначыў Бэнэдыкт XVI, канстытуцыя Ордэна братоў Прапаведнікаў надае вучобе вялікае значэнне. Святы Дамінік жадаў, каб яго браты «аддаваліся гэтаму цалкам, старанна і пабожна», вучачыся ў апірышчы на Святое Пісанне і ўважліва ставячыся да пытанняў, якія задае розум. Папа таксама падкрэсліў, што развіццё культуры ўскладвае на тых, хто нясе служэнне Божага слова, абавязак грунтоўнай падрыхтоўкі.

 
© 2003-2024 Catholic.by