Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Папа Францішак: «Будзьце ўважлівыя: заўсёды ёсць рызыка згубіць голас Пана»
Святы Айцец
09.05.2017 18:41

7 мая ў нядзелю «Добрага Пастыра» падчас малітвы Уладарка неба на плошчы св. Пятра ў Ватыкане папа Францішак звярнуўся да Евангелля з нядзелі, у якім Езус прадстаўляе сябе ў двух вобразах, якія ўзаемна дапаўняюць адно аднаго.

«Гэта вобраз пастыра і вобраз брамы авечага двара, — заўважыў Пантыфік. — Статак, якім з’яўляемся ўсе мы, жыве ў авечым двары, што служыць яму абаронаю — там авечкі ўкрываюцца і адпачываюць пасля цяжкай дарогі. Авечы двор абнесены агароджаю з брамай, пры якой стаіць брамнік.

Да статку набліжаюцца розныя людзі: той, хто ўваходзіць у сярэдзіну праз браму, і той, хто «прабіраецца інакш» (пар. Ян 10, 1). Першы — гэта пастух, пастыр, а другі — гэта чужынец, які не любіць авечак і хоча ўвайсці з іншых інтарэсаў.

Езус атаясамлівае сябе з першым і паказвае блізкія адносіны з авечкамі, што выяўляюцца ў голасе, якім Ён іх кліча і які яны ведаюць і ідуць за Ім (пар. Ян 10, 3). Ён кліча іх, каб вывесці на добрую пашу, дзе яны знаходзяць дастаткова ежы», — сказаў Святы Айцец.

Другі вобраз, з дапамогаю якога Езус сябе прадстаўляе, гэта, паводле слоў Пантыфіка, «брама для авечак».



«Ён кажа: “Я — брама. Калі хто ўвойдзе праз Мяне, будзе збаўлены” (пар. Ян 10, 9), гэта значыць будзе мець жыццё і мець у дастатку (гл. Ян 10, 10). Хрыстус, Добры Пастыр, стаў брамай збаўлення для чалавецтва, таму што аддаў жыццё за сваіх авечак.

Езус, Добры Пастыр і брама для авечак, з’яўляецца кіраўніком, чыя ўлада выражаецца ў служэнні; кіраўніком, які для таго, каб кіраваць, аддае жыццё і не патрабуе ахвяраваць ім ад іншых».

«Такому кіраўніку можна давяраць, як робяць гэта авечкі, якія слухаюцца голасу свайго пастыра, бо ведаюць, што з ім можна пайсці на добрую і багатую пашу. Дастаткова аднаго сігналу, аднаго закліку, і яны ідуць за ім, слухаюцца яго, ідуць за голасам таго, каго адчуваюць як сяброўскую прысутнасць, як моцнае і салодкае быццё разам, што накіроўвае, абараняе, суцяшае і лечыць», — падкрэсліў папа Францішак.

Як дадаў Папап, такім з’яўляецца для нас Хрыстус. «Існуе такое вымярэнне хрысціянскага досведу, якое мы, магчыма, пакідаем трохі ў цені: духоўнае і пачуццёвае вымярэнне. Адчуванне звязанасці асаблівымі повязямі з Панам, як авечак з іх пастырам».

Заўсёды ёсць рызыка згубіць голас Пана

«Часам мы занадта рацыяналізуем веру і рызыкуем страціць адчуванне тэмбру гэтага голасу, голасу Езуса Добрага Пастыра, які заахвочвае і зачароўвае. Як здарылася з двума вучнямі на шляху ў Эмаўс, у якіх палала сэрца, калі Уваскрослы размаўляў з імі па дарозе.

Гэта цудоўны досвед адчування таго, што Езус нас любіць. Задайце сабе пытанне: «Ці я адчуваю, што Езус мяне любіць?» Для яго мы ніколі не чужыя, а сябры і браты. Аднак не заўсёды бывае лёгка распазнаць голас Добрага Пастыра. Будзьце ўважлівыя. Заўсёды ёсць рызыка згубіць увагу ў гомане мноства іншых галасоў.

Сёння мы пакліканыя не даць ўзбаламуціць сябе падманлівай мудрасцю гэтага свету, але ісці за Езусам, за Уваскрослым як за адзіным надзейным Правадыром, які надае сэнс нашаму жыццю.
У гэты Сусветны дзень малітвы аб пакліканнях — асабліва аб пакліканнях да святарства, каб Пан паслаў нам добрых пастыраў, — папросім заступніцтва Панны Марыі: няхай Багародзіца сваёю дапамогаю падтрымае тых, каго Ён паклікаў, каб яны былі гатовымі аддана ісці за Ягоным голасам», — заключыў Святы Айцец.

Дк. Мікола Гракаў

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.
  • 29.05.2017
  • 28.05.2017
  • 27.05.2017
  • 26.05.2017
  • 25.05.2017