Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Папа Францішак: Святарства — гэта не кар’ера, а служэнне
Святы Айцец
08.05.2017 11:07

7 мая папа Францішак удзяліў прэзбітэрскае пасвячэнне дзесяці дыяканам. У сваёй гаміліі Святы Айцец звярнуў увагу на тое, што пакліканыя да Божай службы былі абраныя Езусам не для таго, каб рабіць кар’еру, але каб служыць.

«Прашу, не будзьце панамі, дзяржаўнымі чыноўнікамі, але толькі пастырамі Божага народу», — сказаў Пантыфік.

«Абвяшчайце ўсім слова Божае, якое вы самі прынялі з радасцю, як дзеці. Чытайце старанна і разважайце над Божым словам, каб верыць у тое, што вы чыталі, навучаць таму, чаму вы самі навучыліся, верыць у тое, пра што навучаеце», — заўважыў  Папа.

«Двайное жыццё — гэта дрэнная хвароба ў Касцёле»

Святы Айцец дадаў: «Няхай будзе ежай для Божага народа нашае навучанне. Простае, так як гаварыў Пан, якое даходзіла б да сэрца. Няхай вашы гаміліі не будуць занадта  інтэлектуальныя і занадта складаныя. Гаварыце простымі словамі, да сэрца. І такім чынам вашы гаміліі будуць сапраўднай пажывай. Няхай таксама радасцю і падтрымкай для вернікаў будзе пах вашага жыцця, таму што прапаведванае слова без прыкладу жыцця не служыць нікому. Лепш вярнуцца назад. Двайное жыццё — гэта дрэнная хвароба ў Касцёле», — адзначыў Папа.

Пантыфік нагадаў новапрэзбітэрам, што зусім не навуковыя тытулы вырашаюць, хто з’яўляецца добрым святаром.

«Такі прэзбітэр, які, магчыма, шмат вывучаў тэалогію, напісаў адзін, два ці тры дактараты, але не навучыўся несці крыж Хрыста, дасць няшмат. Ён будзе добрым акадэмікам, добрым прафесарам, але не святаром», — патлумачыў Святы Айцец.

Папа заклікаў маладых святароў наведваць хворых і быць святлом у размове з вернікамі:

«Заўсёды з радасцю служыце Хрысту, нават сярод пакутаў, непаразуменняў і сваіх грахоў.  Заўсёды майце перад вачыма прыклад Добрага Пастыра, які прыйшоў, не каб Яму служылі, але каб служыць іншым. Заўсёды будзьце пастырамі Божага народу», — заключыў Святы Айцец.

Паводле беларускай рэдакцыі Ватыканскага радыё (IL)

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.
  • 29.05.2017
  • 28.05.2017
  • 27.05.2017
  • 26.05.2017
  • 25.05.2017