Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
У Егіпце Святы Айцец заклікаў да радыкалізму любові
Святы Айцец
01.05.2017 09:22

«Хто не праходзіць праз досвед крыжа ажно да праўды ўваскрасення, сам асуджае сябе на роспач», — адзначыў папа Францішак 29 красавіка падчас Эўхарыстыі на тэрыторыі спартыўнага комплекса Air Defence Stadium у Каіры. У літургіі прынялі ўдзел каля 25 тыс. вернікаў.

У сваёй гаміліі Папа спаслаўся на евангельскае апавяданне пра сустрэчу ўваскрослага Хрыста з вучнямі на дарозе ў Эмаус. Ён падкрэсліў, што пасланне гэтага ўрыўку заключана ў трох словах: смерць, уваскрасенне і жыццё.

«Мы не можам сустрэць Бога, не ўкрыжаваўшы перад гэтым нашыя абмежаваныя ідэі пра Яго, якія адлюстроўваюць наша разуменне ўсемагутнасці і ўлады», — сказаў Папа.

Паводле яго слоў, Касцёл нараджаецца з веры ва ўваскрасенне. Сапраўдная вера робіць больш лагоднымі, міласэрнымі, сумленнымі і чалавечнымі. Яна падштурхоўвае бараніць культуру дыялогу, павагі і братэрства, і жыць ёй.

«Сапраўдная вера вядзе нас да абароны правоў іншых з той жа сілай і энтузіязмам, з якімі баронім нашы. Насамрэч чым больш умацоўваецца вера і пазнанне, тым больш расце пакора і ўсведамленне сваёй мізэрнасці», — дадаў ён.

Пантыфік падкрэсліў, што Богу падабаецца толькі такая вера, якая вызнаецца жыццём, бо «адзіным экстрэмізмам, які дазволены вернікам, з’яўляецца экстрэмізм любові». Усе іншыя формы экстрэмізму не паходзяць ад Бога і не падабаюцца Яму, заўважыў Пантыфік.

«Не бойцеся расчыніць свае сэрцы на святло Уваскрослага і дазвольце Яму перамяніць вашу няўпэўненасць ў станоўчую сілу для вас і іншых. Не бойцеся любіць усіх, сяброў і ворагаў, бо жывая любоў — гэта сіла і скарб верніка!», — заклікаў Папа.

Беларуская рэдакцыя Ватыканскага радыё

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.
  • 29.05.2017
  • 28.05.2017
  • 27.05.2017
  • 26.05.2017
  • 25.05.2017