На рэкалекцыях з Папам разважалі пра постаць Юды: здраднік пакаяўся, але не быў прыняты | Друк |
Святы Айцец
10.03.2017 10:19

Постаць Юды, рызыка страты веры, місія Касцёла, які шукае грэшнікаў, — галоўныя тэмы чарговай медытацыі, якую 8 сакавіка пачуў папа Францішак і супрацоўнікі Рымскай курыі падчас велікапосных духоўных практыкаванняў у італьянскім Арыча.

У сваім разважанні рэкалекцыяніст, айцец Джуліа Мікеліні, спаслаўся на евангельскае апавяданне пра самагубства Юды.

Аналізуючы розныя гіпотэзы адносна прычын гэтага ўчынку, францішканін адзначыў, што адной з іх магла быць страта веры. Гэтая рызыка датычыць кожнага вучня Пана. «Мы маем няшмат апраўданняў, каб з абурэннем казаць пра здрадніка. Юда выкрывае нас саміх», — сказаў прапаведнік.

Іншая прычына самагубства Юды, на думку айца Мікеліні, можа быць у няправільным разуменні місіі Езуса. Магчыма, ён жадаў, каб Хрыстус аб’явіў сябе вызваліцелем Ізраэля, ваяром і палітыкам. Цяпер жа ён не бачыў у абліччы Езуса Госпада, а толькі Настаўніка, якога хацеў прымусіць рэалізаваць тое, чаго сам жадаў. Рэкалекцыяніст нагадаў, што Касцёл пакліканы шукаць людзей, якія знаходзяцца далёка ад веры.

Паводле а. Мікеліні, Юда рашыўся на самагубства, калі зразумеў цяжар свайго граху. У гэтым кантэксце францішканін узгадаў словы папы Францішка пра тое, што Юда быў адчужаны святарамі: здраднік, які пакаяўся, не быў прыняты пастырамі, якія разумелі рэлігію толькі праз прызму ўласных ментальных схем, а не Божага Аб’яўлення.

Напрыканцы сваёй медытацыі святар заклікаў паразважаць пра тое, як Касцёл можа дапамагчы сучасным хрысціянам не страціць сапраўдную веру, пра якую ідзе гаворка ў Новым Запавеце, быць радаснымі вернікамі, аднавіць блізкасць з Езусам, каб не дапускаць самагубстваў.

Паводле Беларускай рэдакцыі Ватыканскага радыё
(VGr)

 
© 2003-2024 Catholic.by