Святы Айцец моліцца за ахвяр тэракту ў Стамбуле | Друк |
Святы Айцец
02.01.2017 10:39

Аб сваёй блізкасці, асабліва ў малітве, з жыхарамі Стамбула, Святы Айцец запэўніў падчас малітвы «Анёл Панскі» на плошчы св. Пятра 1студзеня 2017 года.

«На жаль, насілле ізноў ударыла ў гэтую ноч пажаданняў і надзеі. Засмучаны, выказваю маю блізкасць да турэцкага народа, малюся за шматлікія ахвяры і параненых і за ўсю нацыю, якая ў жалобе.  Прашу Пана, каб падтрымаў усіх людзей добрай волі, якія адважна змагаюцца з тэрарызмам і з тымі плямамі крыві, якія выклікаюць у свеце страх і трывогу», — сказаў Папа Рымскі.

Паводле міністра унутраных спраў Турцыі Сулеймана Сайле, як мінімум 39 чалавекі загінулі і каля 40 атрымалі раненні ў выніку нападу на начны клуб Reina у Стамбуле. Напад здзейсніў узброены чалавек у касцюме Санта-Клаўса. Паведамляецца, што ў момант нападу там знаходзілася некалькі соцень чалавек. Клуб быў папулярны не толькі сярод мясцовых жыхароў, але і сярод замежнікаў.

Ян Мойсік, беларуская рэдакцыя Ватыканскага радыё

 
© 2003-2024 Catholic.by