Папа Францішак напісаў ліст Прэзідэнту Сірыі | Друк |
Святы Айцец
13.12.2016 14:38

Папа Францішак звярнуўся да Прэзідэнта Сірыі і міжнароднай супольнасці з заклікам пакласці канец вайне ў гэтай краіне. Ліст Святога Айца перадаў Апостальскі Нунцый у Дамаску кардынал Марыё Дзэнары.

«Праз уключэнне арцыбіскупа Марыё Дзэнары ў Калегію кардыналаў Святы Айцец хацеў засведчыць адмысловы знак любові да дарагога сірыйскага народа, які за апошнія гады зведаў так шмат», — гаворыцца ў паведамленні Залы Друку Святога Пасаду.

У лісце Пантыфік яшчэ раз звярнуўся да Прэзідэнта Башара аль-Асада і міжнароднай супольнасці з заклікам «спыніць насілле і мірна ўрэгуляваць канфлікт», асуджаючы ўсе формы экстрэмізму і тэрарызму з любога боку і заклікаючы Прэзідэнта забяспечыць поўнае захаванне нормаў міжнароднага права ў адносінах да абароны грамадзянскіх асоб і доступу да гуманітарнай дапамогі.

Як паведамляе сірыйскае дзяржаўнае інфармацыйнае агенцтва SANA, пасля азнаямлення са зместам паслання Башар аль-Асад сказаў кардыналу Дзэнары, што сірыйскія ўлады маюць намер аднавіць «бяспеку і стабільнасць» у краіне. Акрамя таго, ён заявіў, што будзе прымаць усе меры для садзейнічання прымірэнню, «якое з’яўляецца ідэальным спосабам для дасягнення гэтай мэты».

Беларуская рэдакцыя Ватыканскага радыё

 
© 2003-2024 Catholic.by