Папа Францішак ухваліў адукацыйны анлайн-праект для Афрыкі | Друк |
Святы Айцец
05.10.2016 15:28

5 кастрычніка Папа Францішак прыняў на аўдыенцыі кіраўніцтва Фонда «Vodafone Italia». Цэнтральнай тэмай сустрэчы стала абмеркаванне праекта «Неадкладныя школы для Афрыкі» — чарговай дабрачыннай ініцыятывы Фонда, якая забяспечыць афрыканскай моладзі анлайн-доступ да найбольш важных адукацыйных рэсурсаў.

«Гэты праект упісваецца ў шырокі і стракаты гарызонт публічных і прыватных ініцыятыў, арыентаваных на стварэнне інклюзіўнага свету, больш з’яднанага, здольнага прапаноўваць магчымасці для развіцця людзям і грамадскім групам, якім пагражае сацыяльная ізаляцыя», — ухваліў ідэю Фонда «Vodafone Italia» Святы Айцец.

Пантыфік звярнуўся да супрацоўнікаў Фонда «Vodafone Italia» з просьбай уключыць у вучэбныя рэсурсы праекта святыя тэксты розных рэлігій у перакладзе на шэраг моў. Па словах Папы, такі дадатак стаў бы «знакам увагі да рэлігійнага вымярэння», моцна прысутнага ў афрыканскім грамадстве, і «заахвочваннем да міжрэлігійнага дыялогу».


Праект «Instant Schools for Africa» стане найбуйнейшай дабрачыннай праграмай у 25-гадовай гісторыі Фонда «Vodafone Italia». Дзякуючы ініцыятыве, ужо гэтай восенню мільёны маладых людзей з Дэмакратычнай Рэспублікі Конга, Ганы, Кеніі, Лесота, Мазамбіка і Танзаніі атрымаюць анлайн-доступ да вучэбных матэрыялаў, падрыхтаваных сумесна з «Learning Equality» — вядучай некамерцыйнай асацыяцыяй у сферы адукацыйных тэхналогій.

Паводле беларускай рэдакцыі Ватыканскага радыё

 
© 2003-2024 Catholic.by