Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Святы Айцец наведаў патрыярхальны кафедральны сабор у Мцхеце
Святы Айцец
01.10.2016 21:47

«Кульмінацыйным момантам» сваёй пілігрымкі ў Грузію назваў Папа Францішак візіт у патрыярхальны кафедральны сабор Светыцхавелі Грузінскай Праваслаўнай Царквы ў Мцхеце, які адбыўся 1 кастрычніка.

«Я ўдзячны Богу за тое, што мог спыніцца для малітвы ў святым храме», — сказаў Пантыфік і падзякаваў грузінам за іх сведчанне веры і добрае сэрца.

Папа заўважыў, што «грузінская мова багатая значнымі выразамі, якія апісваюць братэрства, сяброўства і блізкасць паміж людзьмі», але адзін з іх асаблівы, бо адзначаецца асаблівай высакароднасцю і аўтэнтычнасцю, гатоўнасцю замяніць сабой іншага чалавека і ўзяць на сябе адказнасць за яго: «шэн генацвале». Святы Айцец пажадаў, каб агульная малітва і яднанне душ у радасцях і трывогах, нясенне цяжараў адзін аднаго, братэрскае хрысціянскае стаўленне вызначалі шлях агульнага сведчання праваслаўных і католікаў.

Па словах Папы, старажытныя саборы, такія, як патрыярхальная кафедра Светыцхавелі, заклікаюць памятаць пра мінулае. І сёння гэта асабліва неабходна, таму што «падзенне народа пачынаецца там, дзе заканчвацца памяць аб мінулым», працытаваў Пантыфік грузінскага грамадскага дзеяча ХІХ ст. Аляксандра Чаўчавадзэ. Папа параўнаў гісторыю Грузіі да «старажытнай кнігі», якая распавядае пра святых і сведак хрысціянскіх каштоўнасцяў, якія сфарміравалі душу і культуру краіны. Гэта каштоўная кніга пра вялікія жэсты адкрытасці, гасціннасці і інтэграцыі, неацэнныя і заўсёды актуальныя. Менавіта хрысціянскае пасланне на працягу многіх стагоддзяў было адной з асноў грузінскай ідэнтычнасці.

Папа таксама нагадаў пра прысутнасць у кафедральным саборы адмысловай рэліквіі – Хітону Хрыста. Пантыфік працытаваў аднаго са старажытных Айцоў Касцёла, св. Кіпрыяна Карфагенскага, які лічыў плашчаніцу «аднагалоснай згоднасцю народа». «Таму, нягледзячы на нашы абмежаванні і незалежна ад любых іншых гістарычных і культурных адрозненняў, мы пакліканы быць “адным у Хрысце Езусе” (Гал 3, 28) і не ставіць на першае месца непаразуменняў і падзелаў сярод ахрышчаных, таму што на самой справе нашмат больш нас аб’ядноўвае, чым раз’ядноўвае», — сказаў Святы Айцец.

Папа заўважыў, што грузінскае слова «адукацыя» мае той жа корань, што і «хрост», і тут высакароднасць мовы прыводзіць да думкі пра прыгажосць хрысціянскага жыцця, калі яно палягае на прыняцці дабра і адрачэнні ад цемры зла, калі ахоўвае вернасць сваім караням.

Пантыфік пажадаў, каб багацце Грузіі было вядома і па праву ацэнена, і запэўніў у сваіх малітвах за краіну. «Няхай братэрства і супрацоўніцтва расце на ўсіх узроўнях, няхай малітва і любоў робіць нас усё больш і больш успрымальнымі на гарачае жаданне Пана для ўсіх, хто верыць у Яго праз слова апосталаў: “Каб усе былі адно”», — сказаў на завяршэнне Папа.

Наведанне патрыярхальнага кафедральнага сабора стала апошнім пунктам другога дня прабывання Святога Айца ў Грузіі і завяршальнай падзеяй грузінскага этапу візіту.

Паводле беларускай рэдакцыі Ватыканскага радыё

(AG)

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.