Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Папа Францішак сустрэўся з Патрыярхам усяе Грузіі
Святы Айцец
30.09.2016 23:09

Перад абліччам свету, які прагне міласэрнасці, адзінства і міру, Божы Провід жадае, каб сувязь, якая існуе паміж Грузінскай Праваслаўнай Царквой і Каталіцкім Касцёлам, атрымала новы запал, сказаў Папа Францішак на сустрэчы з Каталікосам-Патрыярхам усяе Грузіі Ільёй ІІ.

Сустрэча адбылася 30 верасня ў Патрыяршым палацы ў Тбілісі ў межах візіту Пантыфіка ў Грузію.

Па словах Папы, Грузінская Праваслаўная Царква, «укаранёная на апостальскім вучэнні і прыкладзе апостала Андрэя», і Каталіцкі Касцёл, «заснаваны на мучаніцтве апостала Пятра», атрымалі ласку аднавіць «прыгажосць апостальскага братэрства». «Пётр і Андрэй сапраўды былі братамі: Езус заклікаў іх пакінуць рыбацкія сеткі і разам стаць “рыбакамі людзей”», — нагадаў Святы Айцец.

Пантыфік адзначыў, што любоў Хрыста перамяніла жыццё апосталаў і толькі яна дазволіць «узняцца над непаразуменнямі мінулага, разлікамі сучаснасці і страхам перад будучыняй». «На працягу стагоддзяў грузінскі народ сведчыў аб велічы гэтай любові. У ёй знаходзіў сілы, каб уздымацца пасля незлічоных выпрабаванняў», — дадаў Папа.

«З дапамогай міру і прабачэння мы пакліканы перамагчы нашых сапраўдных ворагаў, якія не маюць цела і крыві, але з’яўляюцца духамі злосці вакол і ўнутры нас. Гэтая благаслаўлёная зямля багата адважнымі героямі паводле Евангелля, якія, як святы Георгій, умелі перамагаць зло», — сказаў Пантыфік.

Святы Айцец пажадаў, каб заступніцтва грузінскіх мучанікаў давала палёгку «шматлікім хрысціянам, якія ў наш час пакутуюць ад пераследу і здзекаў, і умацоўвала добрае жаданне быць па-братэрску з’яднанымі дзеля абвяшчэння Евангелля супакою».

Пасля сустрэчы ў Патрыяршым палацы Папа Францішак накіраваўся на малітву з мясцовай супольнасцю Сіра-Халдэйскай Царквы ў храм св. Сімяона Персідскага ў Тбілісі.

Паводле беларускай рэдакцыі Ватыканскага радыё

(AG)

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.