Пантыфік устанавіў Дыкастэрыю па служэннi iнтэгральнаму развіццю чалавека | Друк |
Святы Айцец
31.08.2016 15:43

17 жніўня Папа Францішак заснаваў новую Дыкастэрыю па служэннi iнтэгральнаму развіццю чалавека. 31 жніўня ў Ватыкане быў апублікаваны адпаведны Апостальскі ліст y форме «Motu proprio».

У ім адзначаецца, што «ўсім сваім існаваннем і дзейнасцю Касцёл пакліканы спрыяць інтэгральнаму развіццю чалавека ў святле Евангелля», якое «ажыццяўляецца праз клопат аб бясцэнных дабротах справядлівасці, міру і аховы стварэння».

Як сказана ў дакуменце, Дыкастэрыя па служэннi iнтэгральнаму развіццю чалавека будзе займацца пытаннямі, якія тычацца «міграцыі, дапамогі патрабуючым, хворым і адрынутым, ахвярам узброеных канфліктаў і стыхійных бедстваў, беспрацоўным, ахвярам розных формаў рабства і катаванняў і іншым людзям, чыя годнасць знаходзіцца пад пагрозай».

Сярод заданняў новастворанага ведамства — супрацоўніцтва з мясцовымі Касцёламі, падтрымка і каардынацыя ініцыятыў каталіцкіх структур і развіццё адносін з асацыяцымі, інстытутамі і няўрадавымі арганізацыямі, у тым ліку за межамі Каталіцкага Касцёла, якія спрыяюць справядлівасці і міру.

Паводле статута, які Пантыфік зацвердзіў «ad experimentum», з 1 студзеня 2017 г. Дыкастэрыя па служэннi iнтэгральнаму развіццю чалавека ўключыць у сябе паўнамоцтвы, якія дагэтуль належаць да Папскай рады «Iustitia et pax», Папскай рады «Cor Unum», Папскай рады пастырства мігрантаў і падарожнікаў і Папскай рады пастырства работнікаў сферы аховы здароўя, са спыненнем існавання вышэйзгаданых Папскіх радаў.

Прэфектам новай дыкастэрыі Святы Айцец прызначыў кардынала Пітэра Тарксана, які ў цяперашні час з’яўляецца старшынёй Папскай рады «Iustita et pax».

Паводле беларускай рэдакцыі Ватыканскага радыё

 
© 2003-2024 Catholic.by