Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Папа на адкрыццё «панамерыканскага» Юбілею: Міласэрнасць павінна быць у цэнтры душпастырства
Святы Айцец
28.08.2016 16:02

Свет мае патрэбу ў пастырах, здольных адносіцца да людзей з міласэрнасцю, бо менавіта яна змяняе сэрцы і павінна быць у цэнтры кожнай душпастырскай і місіянерскай дзейнасці, адзначыў Папа Францішак у відэапасланні на адкрыццё «панамерыканскага» святкавання Года Міласэрнасці.

Форум будзе праходзіць да 30 жніўня ў Багаце (Калумбія). У ім прымаюць удзел больш за 400 чалавек з Паўночнай, Цэнтральнай, Паўднёвай Амерыкі і рэгіёну Карыбскага басейну: кардыналаў, біскупаў, рэктараў нацыянальных марыйных санктуарыяў, настаяцеляў і настаяцельніц манаскіх супольнасцяў, кіраўнікоў дабрачынных арганізацый, касцёльных рухаў, святароў і свецкіх вернікаў.

Па словах Святога Айца, міласэрнасць не з’яўляецца ні ідэяй, ні тэорыяй, ні ідэалогіяй, але «канкрэтным спосабам», неабходным, каб дакрануцца да ўразлівасці людзей, узаемадзейнічаць з імі і набліжацца да іх.

«Гэта канкрэтны спосаб, з якім трэба набліжацца да людзей, калі яны знаходзяцца ў складанай сітуацыі», — сказаў Папа. Гаворка ідзе пра тое, каб дапамагчы людзям зразумець, што ў іх жыцці яшчэ не было сказана апошняе слова, каб яны адчулі сябе вызваленымі ад цяжару сваіх грахоў, адчулі «суцяшэнне новай магчымасці», дадаў Святы Айцец.

Міласэрныя пастыры, па словах Пантыфіка, не карыстаюцца запалохваннем, але даюць надзею. На думку Папы, памылковай з’яўляецца «дзейнасць, якая падкрэслівае пачуццё віны» і пужае пакараннем. Святы Айцец заклікаў быць крэатыўнымі і не абурацца празмернаму прабачэнню, на падабенства старэйшага сына з евангельскай прыпавесці пра міласэрнага бацьку.

Пантыфік паставіў у прыклад гісторыю св. Паўла, якога перамяніла ў апостала менавіта Божая міласэрнасць. «Тое, што зрабіла яго вучнем — гэта давер, які Бог яму даў, нягледзячы на мноства ягоных грахоў. І гэта нам нагадвае, што можам мець лепшыя планы, лепшыя праекты і тэорыі адносна нашай рэальнасці, але калі адсутнічае гэтае “міласэрнае стаўленне”, наша душпастырства скончыцца на палове дарогі», — сказаў Папа.

«Панамерыканскае» святкаванне Юбілейнага Года Міласэрнасці ў Багаце было арганізавана Папскай камісіяй па справах Лацінскай Амерыкі, Радай Епіскапатаў Лацінскай Амерыкі і Канферэнцыяй Біскупаў ЗША і Канады.

У праграме святкавання — пакутныя набажэнствы, ушанаванне святых, дыскусіі на тэму марыйнай пабожнасці, дабрачыннай дзейнасці, дапамогі мігрантам. Удзельнікі форума асабіста наведаюць самыя бедныя кварталы калумбійскай сталіцы, каб пазнаёміцца з дабрачыннай дзейнасцю каталіцкіх структур на карысць дзяцей, бяздомных, прастытутак, зняволеных і хворых.

Паводле беларускай рэдакцыі Ватыканскага радыё

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.