Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Пантыфік заклікаў вальдэнсаў да сумеснага сведчання
Святы Айцец
22.08.2016 16:37

Папа Францішак пажадаў, каб «адметнасці паміж католікамі і вальдэнсамі не перашкаджалі пошуку формаў супрацоўніцтва ў сферы евангелізацыі, служэння бедным, хворым, мігрантам і аховы стварэння».

Аб гэтым гаворыцца ў «сардэчным і добразычлівым» пасланні, якое «ў знак сваёй духоўнай блізкасці» Пантыфік скіраваў удзельнікам Сіноду Метадысцкіх і Вальдэнскіх Цэркваў. Форум праходзіць 21-26 жніўня ў Торэ-Пелічэ на поўначы Італіі.

У лісце, адпраўленым праз Дзяржсакратара Папы кардынала П’етро Параліна, Святы Айцец запэўніў вальдэнсаў у сваёй малітве і заклікаў працягваць шлях да поўнага адзінства, «каб больш плённа сведчыць аб Хрысце перад чалавецтвам, разам ідучы насустрач людзям нашага часу і перадаючы ім сэрца Евангелля».

У сакавіку 2016 г. першы раз у гісторыі Святы Айцец прыняў на аўдыенцыі ў Ватыкане дэлегацыю Евангелічнай Царквы Вальдэнсаў. Да гэтага, 22 чэрвеня 2015 г., Папа Францішак наведаў невялікі храм гэтай рэлігійнай супольнасці падчас свайго візіту ў Турын і там папрасіў у іх прабачэння за прычыненую католікамі шкоду. Папа Францішак з’яўляецца першым Пантыфікам у гісторыі, які пераступіў парог вальдэнскага храма.

Гэтая супольнасць пачала сваю дзейнасць у ХІІ ст. ідучы за сваім заснавальнікам Пятром Вальда, багатым чалавекам, які раздаў усю сваю маёмасць бедным, крытыкуючы вышэйшае духавенства за раскошу. Вальдэнсы не прызнавалі аўтарытэт Пантыфіка і патрабавалі рэформаў у Касцёле. У 1184 г. Папа Луцый III наклаў на іх экскамуніку. На працягу стагоддзяў яны падвяргаліся пераследу.

Большасць вальдэнскіх супольнасцяў яшчэ з XІІ ст. існуе на прыальпійскай тэрыторыі Італіі, Францыі, Швейцарыі і Германіі. У 1532 г. яны прынялі кальвінісцкае вучэнне. У 1979 г. вальдэнсы і метадысты Італіі аб’ядналіся, стварыўшы Вальдэнскую Евангельскую Царкву і Саюз Вальдэнскіх і Метадысцкіх Цэркваў, які ўваходзіць у Сусветную Раду Цэркваў. Вальдэнсы — другая па колькасці хрысціянская супольнасць у Італіі, налічвае каля 100 тыс. вернікаў.

Паводле беларускай рэдакцыі Ватыканскага радыё

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.