Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Папа: Заданне хрысціян у кантэксце катаклізмаў — спрыяць дыялогу і абвяшчаць Евангелле
Святы Айцец
19.08.2016 15:49

19 жніўня Дзяржаўны Сакратар Папы Францішка кардынал П’етро Паралін ад імя Пантыфіка даслаў пасланне ўдзельнікам Сустрэчы на карысць сяброўства паміж народамі.

У пасланні адзначаецца, што «спакуса закрытасці ў вузкіх гарызонтах уласных інтарэсаў» вядзе да разглядання іншых людзей як «лішніх ці, яшчэ горш, непрыемных і шкодных». Індывідуалізм «аддаляе ад людзей, падкрэсліваючы толькі іх абмежаванасці і недахопы, аслабляючы жаданне і здольнасць грамадства, у якім кожны можа быць свабодным і шчаслівым у кампаніі іншых з багаццем сваіх адметнасцяў», сказана ў лісце.

«Перад абліччам пагрозаў міру і бяспецы народаў і краін мы пакліканы усвядоміць, што перш за ўсё экзістэнцыйная трывога прымушае нас баяцца іншага, нібыта ён з’яўляецца нашым праціўнікам, што парушае нашу жыццёвую прастору і пераходзіць межы, якія мы пабудавалі», — гаворыцца ў пасланні.

Адзначаецца, што «высакамернае спадзяванне на самастойнае збаўленне ўласнымі сіламі знаходзіцца ў аснове ўсіх канфліктаў паміж людзьмі». «Па прыкладзе Пана Езуса хрысціянін заўсёды кіруецца адкрытасцю на іншага, кім бы ён ні быў, бо нікога не разглядае як незваротна згубленага. Евангелле дае нам яскравы прыклад такіх паводзін: блудны сын, які пасвіць свінняў, і бацька, які кожны вечар выходзіць на балкон, каб убачыць, ці вернецца той дадому, і спадзяецца, нягледзячы ні на што. Як бы змяніўся наш свет, калі б гэтая бязмерная надзея стала прызмай, праз якую людзі глядзелі б адзін на аднаго?» — дадаецца ў лісце.

Шматлікія катаклізмы, нямоглымі сведкамі якіх мы часта становімся, на самой справе з’яўляюцца таямнічым заклікам да адшукання фундаментаў адзінства паміж людзьмі, гаворыцца ў пасланні. Падкрэсліваецца, што заданне хрысціян у кантэксце сучасных катаклізмаў заключаецца ў спрыянні дыялогу і абвяшчэнні Евангелля, «якое сёння, як ніколі, павінна перамяняцца ў выйсце насустрач ранам людзей, нясенне ім моцнай і простай прысутнасці Езуса, Яго суцяшаючай і падбадзёрваючай міласэрнасці».

У пасланні сцвярджаецца, што неабходна «асабістае крэатыўнае сведчанне, з усведамленнем таго, што не сіла інструментаў прываблівае, захапляе і вырывае з кайданаў, але пяшчотная пакорнасць міласэрнай любові Айца, што кожны можа дасягнуць крыніцы ласкі, якую Бог вылівае праз сакрамэнты, асабліва Эўхарыстыі і пакаяння, каб затым даваць іх братам».

Сустрэча на карысць сяброўства паміж народамі праходзіць у Рыміні (Італія) 19-25 жніўня на тэму «Ты — дабро для мяне». У яе рамках запланаваны шматлікія канферэнцыі, выстаўкі, канцэрты і дыскусіі на тэму міру паміж рознымі культурамі і рэлігіямі. Мерапрыемства праводзіцца штогод з 1980 г.

Паводле беларускай рэдакцыі Ватыканскага радыё

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.