Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Папа наведаў санктуарый Божай Міласэрнасці ў Лагеўніках і паспавядаў удзельнікаў СДМ
Святы Айцец
30.07.2016 17:40

Чацвёрты дзень свайго прабывання ў Польшчы, 30 ліпеня, Папа Францішак пачаў малітвай каля рэліквій св. Фаўстыны Кавальскай і спавяданнем васьмі ўдзельнікаў Сусветных дзён моладзі. Пантыфік наведаў санктуарый Божай Міласэрнасці ў Лагеўніках.

Папскі візіт працягваўся каля гадзіны. Ён пачаўся ў капліцы св. Фаўстыны Кавальскай у кляштары кангрэгацыі Сясцёр Маці Божай Міласэрнасці. Вітаючы сабраных манахінь, Пантыфік у спантанным звароце заклікаў іх захоўваць у сэрцы давер да Божай міласэрнасці. «Нават калі адчуеш уласную слабасць, прыніжэнне грахом і падзеннем, Ён менавіта там цябе чакае і працягвае руку», — сказаў Папа.

Пантыфік правёў некаторы час у маўклівай малітве перад рэліквіямі св. Фаўстыны, а ў кнізе ганаровых гасцей напісаў біблійныя словы прарока Осіі: «Міласэрнасці хачу, а не ахвяры». Манахіні падарылі Святому Айцу «Дзённік» св. Фаўстыны на іспанскай мове, абраз Езуса Міласэрнага, стулу і арнат.

Затым Папа накіраваўся ў базыліку Божай Міласэрнасці, дзе звярнуўся да сабраных з кароткай прамовай. «Выкарыстаем гэты дзень, каб усе маглі спазнаць міласэрнасць Езуса», — сказаў Святы Айцец. Пантыфік заклікаў не аддаляцца ад Хрыста, «нават калі здаецца, што па прычыне нашых грахоў мы найгоршыя».

Папа прайшоў праз Брамы Міласэрнасці ў базыліцы, а затым паспавядаў восем удзельнікаў Сусветных дзён моладзі з розных кантынентаў.

Санктуарый Божай Міласэрнасці ў Лагеўніках быў кансэкраваны ў 2002 г. святым Янам Паўлам ІІ. У 2006 г. яго наведаў Бэнэдыкт XVI. Кожны год сюды прыбывае каля двух мільёнаў пілігрымаў з усяго свету.

Паводле беларускай рэдакцыі Ватыканскага радыё

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.