Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Папа ў Чэнстахове: Пераадолець крыўды і будаваць адзінства з усімі
Святы Айцец
28.07.2016 16:26

Папа Францішак заклікаў польскі народ пераадолець крыўды і раны мінулага і будаваць адзінства з усімі, не ізалюючыся і не навязваючы сваёй волі. Аб гэтым Пантыфік казаў 28 ліпеня на святой Імшы ў санктуарыі на Яснай Гары ў Чэнстахове.

Літургія была прымеркавана да 1050-годдзя Хросту Польшчы, якое адзначаецца сёлета. У ёй прынялі ўдзел сотні тысяч вернікаў, а таксама палітычнае кіраўніцтва краіны.

У гаміліі Папа звярнуў увагу на ўпадабанне Богам прастаты і сціпласці. Пантыфік нагадаў, што прыйсце Збаўцы ў свет не было «трыумфальным уваходам». Таксама і першы цуд Езуса не быў уражваючым жэстам, здзейсненым напаказ, або «ўмяшальніцтвам, якое вырашыла гарачае палітычнае пытанне»; ён адбыўся ў маленькай вёсцы і напоўніў радасцю вяселле маладой невядомай сям’і, заўважыў Святы Айцец.

Па словах Папы, Хрыстус збаўляе, становячыся малым, блізкім і канкрэтным; Ён любіць простых людзей і размаўляе мовай пакорнай любові. «Падумаем пра мноства сыноў і дачок вашага народа: пра мучанікаў, якія далі заззяць бяззбройнай моцы Евангелля; пра простых, але надзвычайных людзей, якія здолелі засведчыць аб Божай любові пасярод вялікіх выпрабаванняў; пра лагодных і рашучых прапаведнікаў міласэрнасці, такіх, як св. Ян Павел ІІ і св. Фаўстына», — сказаў Пантыфік.

«Дар тысячагоддзя» хрысціянства ў Польшчы, па словах Святога Айца, з’яўляецца нагодай для падзякі Богу за тое, што ў розных абставінах Ён суправаджаў народ краіны. «Ваша гісторыя, спалучаная з Евангеллем, крыжам і вернасцю Касцёлу, была сведкай станоўчага ўплыву сапраўднай веры, што перадавалася з сям’і ў сям’ю, ад бацькі да сына і асабліва ад маці і бабуль, якім трэба моцна падзякаваць», — сказаў Папа.  

Пантыфік высока адзначыў глыбокую марыйную пабожнасць палякаў і падкрэсліў, што на працягу сваёй гісторыі яны маглі адчуць «канкрэтную і прадбачлівую любоў Маці ўсіх», якая ўшаноўваецца ў санктуарыі на Яснай Гары.

Паводле беларускай рэдакцыі Ватыканскага радыё

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.