Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Пантыфік адказаў на пытанні польскіх біскупаў
Святы Айцец
28.07.2016 15:53

Небяспека секулярызацыі і атэізму, схільнасць да «абагаўлення» грошай, выхаванне моладзі, дзейнасць парафій, стаўленне да бежанцаў — такія пытанні ўзнімаліся польскім епіскапатам падчас дыялогу з Папам Францішкам 27 ліпеня.

Сустрэча адбылася ў катэдральным касцёле Кракава з удзелам каля 130 біскупаў.

Адказваючы на пытанне польскіх іерархаў адносна магчымых «лекаў» супраць атэізму і секулярызму, якія пагражаюць у тым ліку і Польшчы, Пантыфік нагадаў пра неабходнасць быць бліжэй да людзей, а таксама пра ўмацоўванне сувязі маладога пакалення з бабулямі і дзядулямі, якія былі і застаюцца асноўнай крыніцай і прыкладам веры.

Прагучала і пытанне аб дзейснасці і запатрабаванасці парафій як структурных адзінак Касцёла. Святы Айцец падкрэсліў, што парафія заўсёды застаецца незаменнай; гэта дом Божага народа. У працяг тэмы Папа нагадаў аб важнасці рэлігійных рухаў, якія ўнутры парафій набываюць асаблівае значэнне.

Таксама прадстаўнікі польскага епіскапату пацікавіліся стаўленнем Пантыфіка да бежанцаў. Святы Айцец прызнаў, што адзінай формулы паводзін у адносінах да гэтых людзей не існуе — усё залежыць ад канкрэтнай краіны, яе магчымасцяў, культуры і традыцый. Там не менш, па словах Папы, важна, наколькі гэта магчыма, заставацца па-хрысціянску адкрытымі і гасціннымі.

Паводле беларускай рэдакцыі Ватыканскага радыё

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.