Святы Айцец выказаў спачуванне ў сувязі з тэрактамі ў Мюнхене і Кабуле | Друк |
Святы Айцец
25.07.2016 16:33

«У гэты час нашу душу ў чарговы раз патрэслі сумныя навіны, звязаныя з жудаснымі актамі тэрарызму і насілля, якія выклікалі боль і смерць. Я маю на ўвазе драматычныя падзеі ў Мюнхене ў Германіі і ў Кабуле ў Афганістане, дзе былі забіты многія нявінныя людзі», — сказаў Пантыфік 24 ліпеня падчас нядзельнай малітоўнай сустрэчы з вернікамі на плошчы св. Пятра.

Папа выказаў сваю блізкасць сем’ям загінулых і параненых і запрасіў сабраных на ватыканскай плошчы і ля радыё- і тэлепрыёмнікаў далучыцца да яго малітвы, каб Бог натхняў усе добрыя і братэрскія намеры.

«Чым больш непераадольнымі здаюцца цяжкасці і змрочнымі перспектывы бяспекі і міру, тым настойлівей павінна быць наша малітва», — падкрэсліў Пантыфік.

Свае спачуванні ў сувязі з падзеямі ў сталіцы Баварыі Папа Францішак даслаў на імя арцыбіскупа Мюнхенска-Фрайзінгскага кардынала Рэйнхарда Маркса. У тэлеграме за подпісам Дзяржаўнага Сакратара кардынала П’етро Параліна гаворыцца, што Пантыфік «злучаецца ў смутку і жалобе і выказвае сваю блізкасць у болю», «у малітве давярае памерлых Божай міласэрнасці», усім, хто пацярпеў ад нападу, выказвае сваё глыбокае спачуванне і дзякуе за дапамогу службам тэрміновай дапамогі і бяспекі. «Папа Францішак просіць Езуса, Пана жыцця, каб усім даў сілы і суцяшэнне і прынёс надзею», — гаворыцца ў тэлеграме.

Таксама ў сваім профілі ў сацыяльнай сетцы «Twitter» Папа запэўніў у сваёй «малітоўнай памяці». «Я малюся за ўсіх ахвяр тэрарызму ў свеце. Прашу, ніколі больш тэрарызму! Гэта шлях без выхаду», — напісаў Святы Айцец.

У Мюнхене 22 ліпеня 18-гадовы малады чалавек забіў у гандлёвым цэнтры 9 асобаў і параніў 27, а затым пакончыў з сабой. Тэракт у Кабуле адбыўся 23 ліпеня. Адказнасць узяла на сябе тэрарыстычная групоўка «Ісламская дзяржава». 80 чалавек загінулі, больш за 230 атрымалі раненні.

Паводле беларускай рэдакцыі Ватыканскага радыё,

(MV)

 
© 2003-2024 Catholic.by