Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Святы Айцец выдаў дакумент аб жаночым кантэмпляцыйным жыцці
Святы Айцец
22.07.2016 21:35

22 ліпеня ў Ватыкане была абнародавана Апостальская канстытуцыя «Vultum Dei quaerere» («Пошук Божага аблічча»). Новы дакумент Папы Францішка, прысвечаны жаночаму кантэмпляцыйнаму жыццю, засяроджваецца на 12 асноўных тэмах і завяршаецца 14 распарадчымі артыкуламі, якія, па сутнасці, акрэсліваюць у прававым плане змест напісанага.

Быць «маякамі і факеламі», якія суправаджаюць шлях чалавецтва і накіроўваюць яго да Хрыста, «дарогі, праўды і жыцця», — так вызначыў Пантыфік заданне, якое стаіць перад кантэмпляцыйнымі манаскімі супольнасцямі. Гэтая місія, па словах Святога Айца, няпростая, калі ўлічваць рэальнасць, якая «падпарадкоўваецца законам улады, эканамічным і спажывецкім». Папа заклікаў прадстаўніц кляўзуровых супольнасцяў «мужна весці духоўную барацьбу» са спакусамі, асабліва тымі, якія вядуць да «апатыі, руціны, адсутнасці матывацыі, паралізуючай ляноты».

Свае разважанні Папа распачаў з тэмы фармацыі і малітвы. Першая, як адзначаецца, «патрабуе няспыннага звароту да Бога» і адпаведнага тэрміну — ад 9 да 12 гадоў. У дакуменце сказана, што кляштары павінны надаваць вялікую ўвагу распазнанню паклікання і духоўнасці, а не кіравацца выключна паказчыкамі колькасці і эфектыўнасці. Адзначаецца, што малітва, у сваю чаргу, складае «сутнасць манаскага жыцця» і не павінна зводзіцца да замыкання супольнасці ў самой сабе. «Маліцеся і заступайцеся за будучыню чалавецтва», — заклікаў Святы Айцец і дадаў, што такім чынам кляўзуровыя супольнасці стануць «сапраўднай школай малітвы».

Наступнымі тэмамі сталі «Lectio divina», Эўхарыстыя і споведзь. Як адзначаецца, чытанне Божага слова павінна вызначаць як асабісты, так і пражыты ў супольнасці дзень манахінь і ў далейшым ператварацца ў дзеянне — ахвяраванне сябе іншым у любові. Дакумент рэкамендуе завяршаць літургію адарацыяй Езуса ў Эўхарыстыі, а сакрамэнт пакаяння перажываць як «прывілеяваную магчымасць для сузірання міласэрнага аблічча Айца» і праз гэта станавіцца «інструментамі паяднання, прабачэння і міру», у чым свет мае «выключную неабходнасць».

Затым Пантыфік засяродзіўся на тэме жыцця ў супольнасці, якое назваў надзвычай важным сведчаннем у сённяшнім свеце, пазначаным «падзеламі і няроўнасцю». «Гэта магчыма і цудоўна – жыць разам, нягледзячы на адрозненні ва ўзросце, фармацыі ці культуры», бо «адзінства і супольнасць не азначаюць аднастайнасць», адзначыў Папа.

Спыніўся Святы Айцец і на тэме аўтаномнасці кляштараў, падкрэсліўшы, што, хоць яна і спрыяе стабільнасці і адзінству кантэмпляцыйнай супольнасці, не павінна, аднак, азначаць «незалежнасці або ізаляцыі», а тым больш «самазасяроджанасці».

Працягам гэтых разважанняў сталі словы Пантыфіка адносна важнасці федэрацый – «структур, якія аб’ядноўваюць кляштары з аднолькавым харызматам». Святы Айцец адзначыў, што іх неабходна падтрымліваць і памнажаць. Услед за гэтым Папа выказаўся адносна кляўзуры, якую ахарактарызаваў як «знак выключнага саюзу Касцёла, заручанага з Панам».

Тэмы працы і маўчання працягнулі змест папскага дакумента. Як сказана ў ім, працу прадстаўніцы жаночых кантэмпляцыйных кангрэгацый павінны выконваць «з пабожнасцю і вернасцю», не арыентуючыся на крытэрыі эфектыўнасці і занятасці, якія пагражаюць «загасіць дух сузірання». Праца павінна разумецца як «служэнне чалавецтву і салідарнасць з беднымі», напісаў Папа. Маўчанне ж, адзначыў Святы Айцец, трэба ўспрымаць як «слуханне і разважанне над Божым словам», цішыню, «багатую на любоў», якая «чуе Бога і крык чалавецтва».

Усведамляючы змены, якія адбываюцца ў грамадстве, у тым ліку пад уплывам «лічбавай культуры», Пантыфік узняў і тэму сродкаў камунікацыі ўнутры кантэмпляцыйнай супольнасці. Папа заклікаў да іх разважлівага размежавання, каб гэтыя медыя не сталі «марнаваннем жыцця ў супольнасці або ўцёкамі з яго, шкодай для паклікання або перашкодай для сузірання».

Свае разважанні Пантыфік завяршыў тэмай аскезы, якая заключаецца ва «ўмеркаванасці, аддаленні ад свецкіх рэчаў» і зацвярджаецца ў паслухмянасці і адкрытасці адносін унутры супольнасці. Аскезу Папа назваў «красамоўным знакам адданасці» ў глабалізаваным свеце, пазбаўленым каранёў.  Святы Айцец падкрэсліў, што гэта не ўцёкі ад свету «па прычыне страху», бо манахіні «працягваюць быць у свеце, не будучы свецкімі»: іх заданне – «няспынна заступацца за чалавецтва» перад Панам, слухаючы крык «ахвяр культуры адчужэння». Так, у «глыбокай еднасці з Касцёлам», прадстаўніцы кантэмпляцыйных супольнасцяў будуць «лесвіцай», па якой Бог зможа спускацца да чалавека, а чалавек – уздымацца да Бога, падсумаваў Пантыфік.  

Прадпісанне з 14 артыкулаў, якое завяршае Апостальскую канстытуцыю, уяўляе сабой сціслы выклад юрыдычнага характару вышэй азначаных разважанняў Святога Айца.

У прыватнасці, артыкул 3, прысвечаны фармацыі кансэкраваных асобаў, устанаўлівае дазвол на наведванне прадстаўніцамі кантэмпляцыйных супольнасцяў фармацыйных курсаў, «у тым ліку і па-за межамі свайго кляштара», з захаваннем асяроддзя, адпаведнага харызмату кангрэгацыі. Як сказана ў дакуменце, неабходна, аднак, «цалкам пазбягаць вярбоўкі кандыдатаў з іншых краін з адзінай мэтай – дбаць аб выжыванні кляштара».

Артыкул 8 пералічвае рэквізіты, неабходныя для юрыдычнай аўтаноміі супольнасці, сярод якіх – права на фарміраванне і кіраванне, уключэнне ў мясцовы Касцёл, магчымасць для суіснавання. У выпадку невыканання гэтых крытэрыяў Кангрэгацыя па справах Інстытутаў кансэкраванага жыцця і Таварыстваў апостальскага жыцця ацэніць мэтазгоднасць стварэння камісіі «ad hoc» для аднаўлення кляштара або яго закрыцця. А, напрыклад, артыкул 9 сцвярджае, што «з самага пачатку ўсе кляштары павінны ўваходзіць у склад федэрацыі», якая можа быць створана па геаграфічным прынцыпе або згодна з духоўнымі мэтамі супольнасцяў.

Паводле беларускай рэдакцыі Ватыканскага радыё

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.