Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Відэаінтэнцыі Папы карыстаюцца папулярнасцю ў сацыяльных сетках
Святы Айцец
18.07.2016 17:27

Са студзеня Папа Францішак абвяшчае свае малітоўныя інтэнцыі ў фармаце кароткіх відэаролікаў на «YouTube». За паўгода толькі праз ватыканскія акаўнты ў сацыяльных сетках іх паглядзелі больш за 10 мільёнаў чалавек ва ўсім свеце.

«Вобраз з папскім пасланнем прамаўляе вельмі моцна, і гэтыя відэа актыўна распаўсюджваюцца маладымі людзьмі, якія ў іншай сітуацыі, магчыма, нават і не даведаліся б, што Папа кожны месяц просіць маліцца ў канкрэтных інтэнцыях», — сказаў дырэктар Сусветнага апостальства малітвы айцец Фрэдэрык Фарнос, каардынатар ініцыятывы.

«Мы вельмі ўражаны папулярнасцю гэтых відэапасланняў, і ў той жа час мы рады, што іх ацанілі не толькі шматлікія католікі па ўсім свеце, але таксама і людзі няблізкія да Каталіцкага Касцёла, якіх такім чынам дасягае слова Папы і яго заклік да малітвы перад абліччам тэрміновых праблем чалавецтва», — сказаў кіраўнік малітоўнага апостальства.

Святар паведаміў Ватыканскаму радыё, што відэа аб неабходнасці салідарнасці паглядзелі больш за 950 тыс. чалавек, і дадаў, што падчас сваіх падарожжаў па свеце чуе ад святароў, кансэкраваных асобаў, свецкіх вернікаў, што гэтыя простыя ролікі дапамагаюць ім маліцца і быць бліжэй да праблем і місіі Касцёла.

«Такім чынам Пантыфік дапамагае ім абудзіць сэрца да малітвы. Напрыклад, у чэрвеньскім відэа выступае бяздомны. Яго гісторыя дазваляе адкрыць вочы і стаць больш уважлівымі да праблем людзей, якіх мы сустракаем на вуліцы нашых гарадоў», — заўважыў айцец Фарнос.

Разважанні Папы запісваюцца на іспанскай мове, а затым перакладаюцца на некалькі іншых.

Паводле беларускай рэдакцыі Ватыканскага радыё,

(MV)

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.