Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Пантыфік у Эчміядзіне: Ісці за Божым заклікам да поўнага адзінства
Святы Айцец
26.06.2016 22:23

Кульмінацыяй Апостальскага падарожжа Папы Францішка ў Арменію стаў яго ўдзел у Боскай Літургіі, якую служыў 26 чэрвеня перад катэдральным саборам Армянскай Апостальскай Царквы ў Эчміядзіне Каталікос усіх армян Гарэгін ІІ.

У Літургіі прынялі ўдзел каля 20 тыс. вернікаў.

Пад канец Літургіі са словам да прысутных звярнуўся Пантыфік. На пачатку Папа падзякаваў кіраўніку Армянскай Апостальскай Царквы за незвычайны жэст гасціннасці да яго. «Мы сустрэліся, абняліся, як браты, разам маліліся і падзяліліся дарамі, надзеяй і клопатамі Хрыстовага Касцёла, біццё сэрца якога мы згодна адчуваем, у які верым і які для нас ёсць адзіным», — сказаў Святы Айцец.

«Няхай Армянская Царква жыве ў міры, а адзінства паміж намі станецца поўным. Няхай ва ўсіх узнікне моцнае імкненне да адзінства, адзінства, якое “не азначае ні падпарадкавання адной Царквы іншай, ці таксама паглынанне яе, але хутчэй за ўсё прыняцце ўсіх дараў, якія Бог даў кожнаму, каб паказаць усяму свету вялікую таямніцу збаўлення, якую здзейсніў Хрыстус праз пасрэдніцтва Святога Духа», — адзначыў Пантыфік.

Папа заклікаў прыслухоўвацца да голасу святых, шматлікіх ахвяр нянавісці, якія пакутавалі і аддалі сваё жыццё за веру; схілць вуха да маладога пакалення, якое хоча будаваць сваю будучыню свабоднай ад падзелаў мінулага перыяду. «Няхай з гэтага святога месца распаўсюджваецца прамяністае святло веры, якая з часоў святога Грыгорыя, вашага айца паводле Евангелля, асвятляла гэтыя землі, няхай аб’яднаецца са святлом любові, якая прабачае і яднае», — сказаў Пантыфік. Папа заклікаў крочыць за Божым заклікам да поўнага адзінства і прыспешыць крокі да яго.

На заканчэнне Пантыфік папрасіў Каталікоса ўсіх армян Гарэгіна ІІ удзяліць благаслаўленне яму, Каталіцкаму Касцёлу і іх супольнаму імкненню да поўнага адзінства.

Паводле беларускай рэдакцыі Ватыканскага радыё

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.