Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Пантыфік памаліўся ў мемарыяле генацыду армян
Святы Айцец
25.06.2016 22:43

У другі дзень візіту ў Арменію, 25 чэрвеня, Папа Францішак наведаў манументальны комплекс Цыцэрнакаберд, прысвечаны памяці ахвяр генацыду армян 1915 г. і размешчаны ў Ерэване на ўзгорку з такой жа назвай.

Папу Францішка і Каталікоса ўсіх армян Гарэгіна II вітаў Прэзідэнт Арменіі Серж Саргсян. З ім яны прайшлі апошні этап дарогі, якая вядзе да помніка. Святы Айцец усклаў вянок да сцяны памяці і спыніўся ў малітоўным маўчанні. На адным з банераў была бачна падзяка Пантыфіку за прызнанне генацыду армян. Ваенны аркестр выканаў гімн Дзяржавы Ватыкан.

Затым Пантыфік, Каталікос і Прэзідэнт спусціліся да вечнага агню. Малітву пачаў Гарэгін II, а затым усе сабраныя прамовілі на сваёй роднай мове «Ойча наш». Іерарх Армянскай Апостальскай Царквы прачытаў урывак з Паслання да Габрэяў, а кардынал Леанарда Сандры на італьянскай мове — урывак з Евангелля паводле Яна. Папа ўзнёс малітву да Хрыста, каб праз заступніцтва Маці Божай і ўсіх святых Бог злітаваўся і дараваў грахі.

Ад вечнага агню Пантыфік, Каталікос і Прэзідэнт скіраваліся ў сад, дзе Папа пасадзіў дрэва ў памяць аб сваім візіце. На тэрасе прысутнічала група нашчадкаў пераследаваных армян, якія падчас генацыду засталіся ў жывых і былі размешчаны Папам Бэнэдыктам XV у яго рэзідэнцыі ў Кастэль Гандольфа.

Перад тым, як пакінуць мемарыяльны комплекс, Святы Айцец зрабіў запіс у залатой кнізе памяці. «У гэтым месцы я малюся з болем у сэрцы, каб ніколі не паўтарылася трагедыя, падобная гэтай, каб чалавецтва не забылася і было ў стане пераадолець зло дабром», — напісаў Папа.

Паводле беларускай рэдакцыі Ватыканскага радыё

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.