Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Папа да палітыкаў Арменіі: Армянскі народ знаходзіў у Хрыстовым уваскрасенні сілу паўставаць з годнасцю
Святы Айцец
24.06.2016 18:58

24 чэрвеня ў межах падарожжа ў Арменію Папа Францішак здзейсніў візіт ветлівасці да Прэзідэнта краіны і сустрэўся з прадстаўнікамі дзяржаўных уладаў, грамадзянскай супольнасці і дыпламатычнага корпуса.

Кіраўнік дзяржавы Серж Саргсян сустрэў Папу пры ўваходзе ў Прэзідэнцкі палац і праводзіў у Залу прыёмаў, дзе адбылася іх прыватная размова.

Пасля яе Папа правёў сустрэчу з палітыкамі, грамадскімі дзеячамі і дыпламатамі, агульнай колькасцю 240 чалавек, да якіх звярнуўся з прамовай.

Па словах Пантыфіка, генацыд армян у Асманскай імперыі «даў пачатак сумнаму спісу жудасных катастроф мінулага стагоддзя, прычынай якіх сталі памылковыя расавыя, ідэалагічныя ці рэлігійныя перакананні, якія настолькі затуманілі розум палачоў, што яны падыйшлі да знішчэння цэлых народаў».

Папа выказаў пашану армянскаму народу, які, «асветлены святом Евангелля, нават у самыя трагічныя моманты сваёй гісторыі заўсёды знаходзіў у крыжы і Хрыстовым уваскрасенні сілу паўставаць з годнасцю». Святы Айцец пажадаў, каб, памятаючы пра гэтыя падзеі, вырашэнне міжнародных супярэчнасцяў суправаджалася дыялогам і пошукам міру.

Пантыфік адзначыў важнасць супрацоўніцтва паміж усімі, хто верыць у Бога, каб «ізаляваць тых, хто выкарыстоўвае рэлігію для ажыццяўлення праектаў вайны, прыгнёту і гвалтоўнага пераследу, інструменталізуючы і маніпулюючы святым Божым іменем».

У актуальным кантэксце канфліктаў і пераследу хрысціян, па словах Папы, важна, каб адказныя за лёсы краін з адвагай прадпрынялі ініцыятывы дзеля спынення пакут, абароны ахвяр, спрыяння справядлівасці і ўстойліваму развіццю.

«Армянскі народ сам перажыў такія сітуацыі; зведаў пакуты і боль, зведаў пераслед; захоўвае ў сваёй памяці не толькі раны мінулага, але і дух, які аднойчы дазволіў яму пачаць нанова. У гэтым сэнсе заклікаю вас зрабіць свой каштоўны ўклад у міжнародную супольнасць», — сказаў Пантыфік.

Кажучы пра 25-годдзе незалежнасці Арменіі, якое адзначаецца сёлета, Святы Айцец пажадаў, каб «хрысціянская тоеснасць», «лучнасць паміж усімі армянамі» і «ўзросшыя намаганні па вызначэнні карысных шляхоў для пераадолення напружанасці з некаторымі суседнімі краінамі» дапамаглі ў рэалізацыі гэтых важных мэтаў, «даючы пачатак новай эпосе сапраўднага адраджэння» краіны.

Пасля прамовы Папа накіраваўся ў Эчміядзінскі палац, дзе правёў прыватную сустрэчу з Каталікосам усіх армян Гарэгінам ІІ.

Паводле беларускай рэдакцыі Ватыканскага радыё

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.