Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Пачаўся візіт Папы ў Арменію: «Нанова адкрыць супольныя карані, абараняць і распаўсюджваць праўду»
Святы Айцец
24.06.2016 18:42

24 чэрвеня пачаўся візіт Папы Францішка ў Арменію. 14-е замежнае падарожжа Пантыфіка, падчас якога ён наведае Эчміядзін, Ерэван, Гюмры і Хор Вірап, працягнецца да 26 чэрвеня і праходзіць пад дэвізам «Візіт у першую хрысціянскую краіну».

У аэрапорце «Звартноц» Святога Айца прывіталі Прэзідэнт Арменіі Серж Саргсян і Каталікос усіх армян Гарэгін ІІ. Двое дзяцей, апранутых у нацыянальныя касцюмы, паднеслі Пантыфіку хлеб і соль. Пасля маршу роты ганаровай варты адбылося прадстаўленне дэлегацый. У цырымоніі прывітання ўзялі ўдзел прадстаўнікі епіскапату і дзяржаўных уладаў, а таксама група вернікаў. Яе ўпрыгожыў спевам дзіцячы хор.

Пасля афіцыйнага прывітання Папа накіраваўся ў Эчміядзін — рэзідэнцыю першаіерарха Армянскай Апостальскай Царквы. У галоўным храме Пантыфік і Каталікос усіх армян Гарэгін ІІ пацалавалі крыж і кнігу Евангелля, пасля чаго накіраваліся да галоўнага алтара, дзе абняліся на знак спакою. Затым яны разам памаліліся словамі псальма 122 і падзякавалі Богу за шлях да еднасці, пройдзены абедзвюма канфесіямі, падкрэсліўшы важнасць супольнага сведчання хрысціян.

«Вера ў Хрыста не была для Арменіі адзеннем, якое можна апрануць ці скінуць, паводле абставін ці выгады, але складанай часткай яе тоеснасці, — падкрэсліў Папа Францішак у сваёй прамове. — Свет, на жаль, пазначаны падзеламі і канфліктамі, а таксама цяжкімі формамі матэрыяльнай і духоўнай галечы, уключаючы эксплуатацыю людзей, нават дзяцей і пажылых, чакае ад хрысціян сведчання ўзаемнай павагі і братэрскага супрацоўніцтва, што дазволіць заззяць перад кожным сумленнем моцы і праўдзе Уваскрасення Хрыста».

Пантыфік назваў намаганні на карысць поўнай еднасці паміж хрысціянамі «ззяючым святлом пасярод цёмнай ночы і заклікам да жыцця ў любові і ўзаемнага паразумення».

«Экуменічны дух набывае ўзорную каштоўнасць таксама і за бачнымі межамі эклезіяльнай супольнасці і з’яўляецца для ўсіх моцным заклікам выправіць рознагалоссі праз дыялог і ацэнку таго, што яднае. Гэта не дапусціць інструменталізацыі і маніпуляцыі верай, бо абавязвае нанова адкрыць супольныя карані, размаўляць, абараняць і распаўсюджваць праўду з павагай да годнасці кожнай чалавечай асобы, каб заззяла прысутнасць той любові і збаўлення, якія мы імкнемся пашыраць», — адзначыў Святы Айцец.

Па словах Папы, свет патрабуе пераканаўчага сведчання таго, што Хрыстус жывы і дзейсны, здольны адкрываць усцяж новыя шляхі прымірэння паміж народамі, цывілізацыямі і рэлігіямі.

Паводле беларускай рэдакцыі Ватыканскага радыё

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.