Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Пантыфік наведае ў Арменіі мемарыяльны комплекс
Святы Айцец
23.06.2016 14:28

У ходзе свайго візіту ў Арменію Папа Францішак сустрэнецца з нашчадкамі выжыўшых падчас масавага знішчэння армян у Асманскай імперыі. Сустрэча адбудзецца у рамках наведвання Пантыфікам мемарыяльнага комплексу «Цыцэрнакаберд» у Ерэване, пабудаванага ў памяць аб тых трагічных падзеях.

Святы Айцец прыбудзе ў мемарыяльны комплекс раніцай 25 чэрвеня. Пантыфіка і Патрыярха Армянскай Апостальскай Царквы Гарэгіна ІІ сустрэне група дзяцей. Яны скіруюцца да «Вечнага агню», каля якога адбудзецца кароткая малітва.

Затым пройдзе цырымонія пасадкі дрэва, пасля чаго Пантыфік сустрэнецца з нашчадкамі людзей, выжыўшых падчас масавага знішчэння армян у Асманскай імперыі ў 1915 г., з якімі ўжо сустракаўся ў Кастэль-Гандольфа Бэнэдыкт XVI.

Арменія стане 22-й краінай, якую наведае Папа Францішак. У верасні Папа здзейсніць падарожжа ў дзве іншыя каўказскія рэспублікі: Грузію і Азербайджан. Наведванне гэтых краін было падзелена на два этапы.

Меркавалася, што ў чэрвені Патрыярх Грузінскай Праваслаўнай Царквы Ілія ІІ будзе прымаць удзел ва Усеправаслаўным Саборы на Крыце і таму не зможа сустрэцца з Пантыфікам. Візіт Святога Айца быў, такім чынам, перанесены на пазнейшы тэрмін. Грузінскі праваслаўны іерарх, аднак, адмовіўся прымаць удзел у Саборы за некалькі дзён да яго пачатку.

Папа Францішак наведае Арменію ў адказ на візіт Каталікоса ўсіх армян Гарэгіна ІІ у Ватыкан. Святы Айцец прыбудзе, каб падтрымаць мясцовую каталіцкую супольнасць, прадэманстраваць усяму армянскаму народу сваю салідарнасць і сяброўства. Першапачаткова Пантыфік планаваў наведаць гэтую краіну ў красавіку 2016 г.

Падарожжа будуць асвятляць каля 600 журналістаў. Сярод іх будзе Евангеліна Іміцян, дачка армянскага пратэстанскага пастара і даўняга сябра Папы Францішка, а таксама аўтар біяграфіі Пантыфіка пад назвай «Папа людзей».

Паводле беларускай рэдакцыі Ватыканскага радыё,

(MV)

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.