Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Папа Францішак напісаў прадмову да кнігі пра Бэнэдыкта XVI
Святы Айцец
23.06.2016 13:50

Бэнэдыкт XVI з’яўляецца самым вялікім прыкладам таго, як трэба займацца «тэалогіяй на каленях», адзначыў Папа Францішак у прадмове да зборніка тэкстаў свайго папярэдніка на Пасадзе св. Пятра, прысвечаных святарскаму служэнню.

Выданне з’явіцца на паліцах кніжных крам Італіі ў кантэксце святкавання Папам на пенсіі 65-годдзя святарства.

Стаяць «на каленях», «душой і целам няспынна маліцца за іншых», пастаянна «заглыбляцца ў Бога са скіраваным да Яго сэрцам», «як закаханы, які ў кожны момант думае пра сваю каханую», — менавіта гэта вызначальна для чалавека, які прысвяціў сябе Богу ў святарстве, а не яго здольнасці вырашаць бягучыя справы, напісаў Папа Францішак.

Гаворачы пра Бэнэдыкта XVI, Папа адзначыў яго блізкую лучнасць з Хрыстом. «Бачна, што гэта чалавек, які па-сапраўднаму верыць, які па-сапраўднаму моліцца; бачна, што гэта чалавек, які з’яўляецца ўвасабленнем святасці, чалавекам спакою, чалавекам Божым. Акрамя таго, ён — узорнае ўвасабленне сутнасці ўсяго святарскага служэння, або такой глыбокай укаранёнасці ў Богу, без якой арганізацыйныя здольнасці і ўяўная інтэлектуальная перавага, усе грошы і ўлада былі б бескарыснымі», — падкрэсліў Пантыфік.

Па словах Святога Айца, Бэнэдыкт XVI увасабляе тыя сталыя адносіны з Панам Езусам, без якіх «нішто ўжо не з’яўляецца праўдай, усё становіцца руцінай, святары — нібыта функцыянерамі, біскупы — нібыта бюрактарамі, а Касцёл — ужо не Касцёлам Хрыста, а нашым прадуктам, нейкай няўрадавай арганізацыяй, у рэшце рэшт бескарыснай».

Цытуючы свайго папярэдніка на пасадзе Біскупа Рыма, Папа Францішак падкрэсліў, што «без лучнасці з Богам мы будзем як спадарожнікі, якія згубілі сваю арбіту і звар’яцела нясуцца ў пустату, не толькі распадаючыся самі, але і пагражаючы іншым».

Бэнэдыкт XVI будзе адзначаць 65-годдзе свайго святарства 28 чэрвеня. З гэтай нагоды ў Апостальскім палацы Ватыкана пройдзе ўрачыстая сустрэча, у якой прыме ўдзел і Папа Францішак.

Паводле беларускай рэдакцыі Ватыканскага радыё,

(MV)

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.