Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Святы Айцец сустрэўся з прадстаўнікамі розных універсітэтаў свету
Святы Айцец
30.05.2016 15:37

Папа Францішак прыняў на аўдыенцыі ў Ватыкане 29 мая прадстаўнікоў больш чым 40 універсітэтаў свету, якія далучыліся да дзейнасці Папскага фонда «Scholas Occurentes». Сустрэча адбылася з нагоды сусветнага кангрэсу гэтай ініцыятывы, які праходзіў у Рыме на тэму «Паміж універсітэтам і школай: сцяна ці мост?».

Па словах Пантыфіка, патрэбны не сцены, а менавіта масты. Папа падкрэсліў, што раздзяленне паміж народамі, сем’ямі, сябрамі нараджае варожасць і нянавісць, у той час як яднанне стварае грамадскае і братэрскае сяброўства, «культуру сустрэчы, якая бароніць нас ад рознага кшталту культуры адчужэння».

Падчас форуму прагучалі кранальныя сведчанні і былі ўручаны прэміі за міратворчую дзейнасць. Яе лаўрэатамі сталі некаторыя галівудскія кінаакцёры: Рычард Гір, Джордж Клуні і Сальма Хаек, якія спецыяльна з гэтай нагоды прыбылі ў Ватыкан. Яны атрымалі ўзнагароды за сваю працу на карысць моладзі з гарадскіх перыферый. Папа падкрэсліў, што для моладзі важна «пачуццё прыналежнасці» да пэўнай групы, сям’і або арганізацыі.

Святы Айцец заклікаў рабіць канрэтныя жэсты ў барацьбе супраць усіх праяў агрэсіі, пачынаючы са цкавання ў навучальных установах. Трэба выкараніць усе віды лютасці паміж людзьмі, а для гэтага неабходна здольнасць слухаць адзін аднаго, дадаў Папа.

«У дыялогу ўсе перамагаюць і ніхто не страчвае. У спрэчцы ж адзін перамагае, а другі страчвае, але на самой справе страчваюць абодва. Дыялог — гэта здольнасць слухаць, ставіць сябе на месца іншага, будаваць масты», — лічыць Пантыфік.

«Наш свет мае патрэбу ў паніжэнні ўзроўню агрэсіўнасці; мае патрэбу ў пяшчоце, лагоднасці; мае патрэбу слухаць, крочыць разам. Інакш здарыцца тое, што адбываецца сёння», — дадаў Папа.

Паводле беларускай рэдакцыі Ватыканскага радыё,

(MV)

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.