Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Пантыфік да дыяканаў: Служыць людзям, забыўшы пра свой распарадак працы
Святы Айцец
29.05.2016 21:43

29 мая на галоўнай ватыканскай плошчы Папа Францішак цэлебраваў святую Імшу з нагоды сустрэчы дыяканаў, прымерканай да Юбілейнага Года Міласэрнасці.

Падчас Імшы Пантыфік падкрэсліў, што паняцці «апостал» і «слуга» з’яўляюцца неразлучнымі: хто абвяшчае Езуса – пакліканы служыць, а хто служыць – абвяшчаць Яго. Па словах Папы, вучні Езуса не могуць ісці шляхам, адрозным ад шляху свайго Настаўніка: «Іншымі словамі, калі евангелізацыя з’яўляецца місіяй, даручанай кожнаму хрысціяніну ў сакрамэнце хросту, служэнне – гэта дух, з якім трэба перажываць гэтую місію, адзіны спосаб быць вучнем Езуса. Яго сведкам з’яўляецца той, хто робіць, як Ён: хто служыць братам і сёстрам, не стамляючыся пакорным Хрыстом, не стамляючыся хрысціянскім жыццём, якое з’яўляецца жыццём служэння».

Па словах Святога Айца, першы крок у напрамку быць «добрымі і вернымі слугамі» Пана – гэта адкрытасць, і яна патрабуе мужнасці, каб перастаць быць «раўнівымі ахоўнікамі свайго часу», але ахвяраваць яго іншым.

«Хто служыць, не з’яўляецца рабом устаноўленага распарадку дня, але паслухмяны сэрцам, адкрыты на тое, што незапланавана: гатовы сустрэць брата і адкрыты на тое, што не прадбачана, чаго заўсёды даволі і што часта з’яўляецца штодзённым Божым сюрпрызам. Слуга здольны расчыніць дзверы свайго часу і сваёй прасторы для блізкіх, а таксама для тых, хто стучыць да яго па-за рэжымам працы, коштам адарвання ад таго, што падабаецца, або адпачынку, якога заслугоўвае. Слуга – забывае пра распарадак. Майму сэрцу становіцца балюча, калі бачу рэжым працы ў парафіях – ад столькі да столькі. А пасля? Няма адчыненых дзвярэй, няма святара, няма дыякана, няма свецкага чалавека, які можа прымаць людзей. Гэта балюча. Трэба мець адвагу забываць пра рэжым работы. Дарагія дыяканы, калі будзеце жыць адкрытасцю, ваша служэнне будзе пазбаўлена ўсялякай карыслівасці і стане па-евангельску плённым», - сказаў Пантыфік.

Папа нагадаў дыяканам пра «стыль Бога», які цярплівы, заўсёды зычлівы і адкрыты, пакутуе па прычыне памылак людзей і шукае шляхі, каб дапамагачы ім і зрабіць іх лепшымі. «Гэта таксама рысы ціхага і пакорнага хрысціянскага служэння, якое з’яўляецца наследаваннем Бога праз служэнне іншым: прымаючы іх з цярплівай любоўю, нястомна разумеючы іх, дапамагаючы ім адчуць сябе прынятымі, дома, у касцёльнай супольнасці, дзе вялікі не той, хто аддае загады, але той, хто служыць, і ніколі не аблайваючы. Так, дарагія дыяканы, у пакоры будзе сталець ваша пакліканне слугаў любові», - падкрэсліў Святы Айцец.

Напрыканцы гаміліі Папа Францішак заўважыў, што для служэння неабходна, каб сэрца было «ўнутрана аздароўленым» Богам, каб адчувала сябе прабачаным і не было ні закрытым, ні цвёрдым. Аб гэтай ласцы Святы Айцец заклікаў прасіць Пана ў малітве.

Паводле беларускай рэдакцыі Ватыканскага радыё

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.