Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Пантыфік сустрэў пасажыраў «Дзіцячага цягніка»
Святы Айцец
28.05.2016 23:28

28 мая на чыгуначную станцыю ў Ватыканскіх садах прыбыў спецыяльны цягнік, які даставіў каля 500 дзяцей розных нацыянальнасцяў і веравызнанняў з італьянскага рэгіёна Калабрыя.

Штогадовая ініцыятыва «Дзіцячы цягнік» сёлета была прысвечана маленькім мігрантам, а таксама дзецям, якія прынялі іх у сваіх гарадах, школах і дамах.

Тэма ініцыятывы «Прынесеныя на хвалях» перадае, якім чынам ўдзельнікі падзеі патрапілі ў Італію. Многія з іх згубілі бацькоў, перапраўляючыся праз Міжземнае мора, але на Апенінах змагла знайсці новыя сем’і, якія іх прынялі, як уласных дзяцей.

«Дзіцячы цягнік» вырушыў каля 6.00. У Рыме ён спыніўся на станцыі Тэрміні. Тут маладых удзельнікаў падзеі прывіталі прадстаўнікі Італьянскай чыгункі і Папскай рады па культуры. Затым дзеці выпусцілі ў неба сотні паветраных шароў у памяць аб сваіх аднагодках, якія не здолелі дасягнуць збаўленчага берага.

Наступным прыпынкам стаў Ватыкан, дзе адбылася сустрэча маленькіх пасажыраў з Папам Францішак. Пантыфік слухаў іх, адказваў на пытанні, жартаваў, смяяўся, а таксама дзяліў боль дзяцей, якія згубілі самых блізкіх людзей.

Папа распавёў, што падчас мінулай агульнай аўдыенцыі на плошчы св. Пятра ў Ватыкане адзін ратавальнік зрабіў яму незвычайны падарунак. «Ён мне даў гэты ратавальны жылет, а затым сказаў, са слязьмі на вачах: “Ойча, я не здолеў. На хвалях была дзяўчынка, але я не здолеў яе выратаваць. Застаўся толькі гэты жылет”. Гэта жылет той дзяўчынкі. Я не хачу вас засмуціць. Вы мужныя і ведаеце праўду. У небяспецы знаходзіцца мноства юнакоў, дзяцей, мужчын і жанчын. Падумаем пра гэтую дзяўчынку. Як яе звалі? Не ведаю – дзяўчынка без імені. Кожны з вас няхай назаве яе ў сваім сэрцы, як захоча. Яна на Небе і глядзіць на нас», — сказаў Пантыфік.

Адна з дзяўчынак спытала ў Святога Айца, што для яго значыць быць Папам. Пантыфік адказаў з уласцівай яму прастатой: «добра рабіць тое, што магу рабіць». Менавіта да гэтага яго паклікаў Езус, дадаў Папа.

Сярод сёлетніх малых падарожнікаў былі 60 чалавек з дзіцячага аркестра Палерма і 50 – з Асацыяцыі «Спорт без межаў». Цягнік прадаставіла Італьянская дзяржаўная чыгунка.

Гэта чацвёрты такога роду праект, калі «Дзіцячы цягнік» прывозіць падлеткаў з італьянскіх гарадоў на сустрэчу з Пантыфікам. 30 мая 3015 г. Ватыкан наведалі дзвесце дзяцей, бацькі якіх знаходзяцца ў турмах. Арганізатарам штогадовай акцыі з’яўляецца Папская рада па культуры.

Паводле беларускай рэдакцыі Ватыканскага радыё

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.