Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Святы Айцец: Эўхарыстыя — цэнтр і форма жыцця Касцёла
Святы Айцец
27.05.2016 14:45

Падчас літургіі ва ўрачыстасць Найсвяцейшага Цела і Крыві Хрыста Папа Францішак нагадаў пра святых, бацькоў і мноства іншых хрысціян, якія «ламалі» свае жыцці дзеля іншых, на знак любові да ўсяго свету.

Урачыстая святая Імша прайшла на плошчы св. Яна на Латэране.

У гаміліі Папа звярнуў увагу на сувязь паміж жэстам устанаўлення Эўхарыстыі і памнажэння хлябоў і рыб.

У абедзвюх сітуацыях, па словах Пантыфіка, Хрыстус заклікаў вучняў да «чынення»: у першым выпадку «паўтараць жэст, якім Ён устанавіў мемарыял сваёй Пасхі», а ў другім – раздаваць ежу, «благаслаўлёную і падзеленую Яго святымі і вялебнымі рукамі».

«Ясна, што праз гэты цуд Ён хацеў не толькі наталіць аднадзённы голад. Гэта быў знак таго, што Хрыстус жадае ўчыніць збаўленне ўсяго чалавецтва, дорачы яму сваё Цела і Кроў. Тым не менш, трэба заўсёды праходзіць праз гэтыя два маленькія жэсты: ахвяроўваць тую малую колькасць хлеба і рыб, якую маем; атрымліваць хлеб, падзелены ў руках Езуса, і раздаваць усім», — сказаў Папа.

Іншае слова, на якім засяродзіў увагу Пантыфік, — «ламаць».


«Апошняя вячэра»  — карціна мастака XVI ст. Хуана Хуанеса.

Езус, паводле слоў Святога Айца, «паламаў сябе для нас» і таго ж чакае ад сваіх вучняў: «менавіта гэтае “ламанне хлеба” стала вобразам, знакам, па якім пазнаваўся Хрыстус і хрысціяне».

«Эўхарыстыя з самага пачатку становіцца цэнтрам і формай жыцця Касцёла. Падумаем пра ўсіх святых — славутых і ананімных —  якія “ламалі” сябе, уласныя жыцці, каб “даць есці” братам. Колькі маці, бацькаў, разам са штодзённым хлебам, узятым з хатняга стала, ламалі свае сэрцы, каб раслі іх дзеці, каб раслі добра! Колькі хрысціян, колькі адказных грамадзян, ламалі свае жыцці, баронячы годнасць усіх, асабліва самых бедных, адчужаных і дыскрымінаваных! Дзе яны знаходзяць сілу, каб чыніць усё гэта? Менавіта ў Эўхарыстыі: у сіле любові Уваскрослага Пана, які таксама і сёння ламае для нас хлеб і паўтарае: “Гэта чыніце на Маю памяць”», — сказаў Папа.

Пасля літургіі Папа на аўтамабілі адправіўся да базылікі Санта-Марыя-Маджорэ, дзе сустрэў вернікаў, якія прайшлі да святыні ў пешай эўхарыстычнай працэсіі, каб удзяліць ім сваё апостальскае благаслаўленне.

Беларуская рэдакцыя Ватыканскага радыё (АлГ)

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.